Агульнанацыянальная дыктоўка будзе прысвечана Скарыну, Брылю і Панчанку



21 лютага, у Дзень роднай мовы, а 17:30 ў офісе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пройдзе Агульнанацыянальная дыктоўка. Правядзе яе намесніца старшыні ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Пройдзе дыктоўка таксама і ў іншых гарадах Беларусі.

«Мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама прыхільнікаў беларушчыны за мяжой з просьбай выказаць у гэты дзень сваю падтрымку жывому беларускаму слову. Давайце ў гэты дзень публічна праявім сваё шанаванне да старажытнай, тысячагадовай беларускай мовы, дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, мовы трох Статутаў ВКЛ, мовы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзімера Караткевіча, Васіля Быкава», — гаворыцца ў апублікаваным на сайце ТБМ звароце.

Агульнанацыянальная дыктоўка сёлета адбудзецца дзясяты раз і будзе прысвечана творчасці Францішка Скарыны, Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Такі выбар тлумачыцца тым, што сёлета адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, а таксама 100-годдзе з нараджэння Брыля і Панчанкі.

Бланк для напісання, а таксама тэксты твораў, выбраных для Агульнанацыянальнай дыктоўкі-2017, можна спампаваць тут.