Актор Аляксей Краўчанка трапіў у „чорны спіс”



Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны па прадстаўленні Службы бяспекі дадало ў «чорны спіс» яшчэ 13 чалавек, сярод якіх расейскія акторы. Найбольш ведамае імя ў спісе – актор Аляксей Краўчанка. Ён стаў знакамітым яшчэ 13-гадовым хлопчыкам, калі сыграў ролю хлопчыка Флёры ў легендарнай кінастужцы рэжысёра Элема Клімава «Ідзі і глядзі», знятай на «Беларусьфільме» і «Масфільме» паводле сцэнару Алеся Адамовіча. А сёлета на экраны Расеі выйшаў прапагандысцкі фільм «Солнцепёк», дзе Краўчанка грае ролю камандзіра Луганскага «апалчэння». За што і трапіў у «чорны спіс» Украіны.

Міністэрства культуры Украіны ў жніўні 2015 года абнародавала першы «чорны спіс» дзеячаў культуры, у тым ліку з РФ, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы. У гэтым спісе артыстаў былі Алег Газманаў, Валерыя Пярфілава (сцэнічны псеўданім Валерыя), Сяргей Пенкін, Аляксандр Разенбаўм, Юлія Чычэрына. Спіс рэгулярна пашыраецца.

Беларускае Радыё Рацыя