Актрысу Гарадзенскага драмтэатра звольнілі за салідарнасць



Актрысу Гарадзенскага драматычнага тэатра Лізавету Мілінцэвіч звольнілі за грамадзянскую пазіцыю. У нядзелю 20 верасня дзяўчына грала ў спектаклі, які быў спынены ў знак салідарнасці з акцёрам Сяргеем Курыленкам, якога затрымалі на „Маршы салідарнасці”. Сёння яе да сябе ў кабінет выклікаў дырэктар тэатра Ігар Гедзіч.

Распавядае Лізавета Мілінцэвіч:

– Я заходжу сёння да дырэктара ў кабінет з заявай, мне ён кажа пра тое, што трэба напісаць тлумачальную за сарваны спектакль. Ён сказаў, што ёсць два тлумачэнні – альбо вы былі ахвярай абставін, альбо вы былі арганізатарам. Я сказала, што нічога не арганізоўвала і я не была ахвярай. Гэта дзіўна гучыць, але тут залатая сярэдзіна. Мы прынялі такое рашэнне.

Па словах дзяўчыны, дырэктар прапанаваў адразу звольніцца без працягнення кантракта:

– Я сказала, што я не арганізоўвала, але ў той жа час, я не магла працягваць спектакль. І ён сказаў, што тады мы пішам вам звальненне з сённяшняга дня. Я яму кажу, Ігар Мікалаевіч, такая сітуацыя, што ў мяне стаіць вельмі шмат спектакляў. І трэба працаваць мне.

Па словах Лізаветы Мілінцэвіч, дырэктар кіраваўся сталінскім прынцыпам “незаменных людзей не існуе”.

Ігар Гедзіч з’яўляцца сябрам Савета Рэспублікі, і ў тэатар яго прызначылі пасля таго, як ён быў начальнікам групы упраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь.

Сёння ўвечары новы старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік мае сустрэцца з артыстамі. У тэатар прыйшла начальніца ўпраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: vk.com/grodno_drama