Акцыі да Міжнароднага дня музеяў – у 92-х музейных установах Беларусі



Па меншай меры 92 музейныя ўстановы Беларусі сёлета далучацца да акцый, прымеркаваных да Міжнароднага дня музеяў, у тым ліку да акцыі „Ноч музеяў”, паведаміла на прэс-канферэнцыі 12 траўня ў Менску галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Анжаліка Янкоўская.

Яна адзначыла, што ў гэтым годзе спаўняецца 40 гадоў з таго часу, як міжнародная супольнасць па ініцыятыве Міжнароднага музейнага савета стала адзначаць гэтае свята. У Беларусі, паводле яе слоў, яно лічыцца „вельмі значным прафесійным святам, якое заўсёды прыцягвае шмат увагі наведвальнікаў”.

Серыю святочных акцый адкрые 13 траўня Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік „Нясвіж”. „Акцыя будзе прысвечана 20—30-м гадам XX стагоддзя, цяпер там ідзе актыўная падрыхтоўка. Будуць падрыхтаваны тэатралізаваныя экскурсіі, адкрыецца буйны выставачны праект па культуры і побыце Нясвіжа гэтага перыяду, будзе цікавая фотазона. Гулянні працягнуцца да 23.00”, — сказала Янкоўская.

Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы 20 траўня правядзе акцыю „Ноч музеяў” пад назвай „Будзь ЯК!”, Паведаміла загадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы музея Вольга Пархімовіч. „Мы, з аднаго боку, абыгрываем абрэвіятуру псеўданіма Янкі Купалы, а з іншага боку, паказваем яго чалавекам, годным усхвалення не толькі за яго літаратурную творчасць, але і за яго стыль, вытанчанасць, натхненне і талент, заклікаем быць такімі ж элегантнымі, маладымі і крэатыўнымі”, — сказала яна.

„Наведвальнікі змогуць даведацца, за якія дасягненні ў свой час Купала мог стаць лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, прайсці пасвячэнне ў таварыства філаматаў і філарэтаў, прыняць удзел у майстар-класах па гістарычных танцах, пазнаёміцца з беларускай геральдыкай, убачыць канцэртную праграму тэатра „Жывое слова”, — паведаміла Пархімовіч. Паводле яе слоў, за ўваход на „Ноч музеяў” наведвальнікам трэба будзе заплаціць сімвалічную суму — 1 рубель.

Дырэктар Літаратурна-мемарыяльнага дома-музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская адзначыла, што акцыя „Ноч музеяў” традыцыйна пройдзе пад назвай „Святло ў акне”, паколькі пісьменнік „жыў у гэтым доме ўжо ў сталым узросце, часта пакутаваў на бяссонніцу і працаваў па начах пры святле”.

У доме-музеі Коласа пройдуць, у прыватнасці, лялечныя паказы па творах пісьменніка, народныя гульні, выступленні беларускіх музыкантаў і паказ дакументальных стужак, у тым ліку кінахронікі 1939—1941 гадоў, на якой зняты Колас і Купала.

„Наш музей — гэта сядзіба, таму мы можам расказаць пра Коласа як пра гаспадара. У мінулым годзе мы адкрылі ў гаражы вельмі цікавую выставу яго аўтамабіляў. Таксама адкрылі цікавую экспазіцыю ў абсталяваным адразу пасля вайны склепе, дзе захавалася лядоўня… Колас, будучы селянінам, вельмі любіў бульбу, сала, агурочкі, капусту, усё гэта будзе ў склепе, і ўсім гэтым мы запросім пачаставацца гасцей у „Ноч музеяў”, — сказала Камароўская.

belapan.by