Акцёры Алесь Малчанаў і Аляксандр Радзько: Гэта Лукашэнка ў турме



У нашым сённяшнім эфіры пабывалі акцёры і ўдзельнікі падзеяў мінулага году. Гэта Алесь Малчанаў і Аляксандр Радзько, адзін калісці працаваў ў Купалаўскім тэатры, а пазней на незалежных беларускіх сцэнах, другі – былы акцёр Гарадзенскага тэтра лялек.

РР: Чаму былы акцёр тэатру?

– Таму што я там ужо не працую- гэта самае асноўнае. А па-другое- трэба ісці далей, у мяне ўжо іншае жыццё. Я зараз жыву ў Вільні, і паступіў у Еўрапейскі гуманітарны універсітэт. Таму калі ўсё будзе добра- то гэта мінімум 4 гады трэба жыць і вучыцца ў Вільні, і таму я ўжо ўпэўнена кажу, што я былы актор. Можа ў будучыні нашыя дарогі з тэатрам яшчэ перасякуцца , я ж не ведаю, а пакуль што былы. 

РР: Выбары 9 жніўня адбыліся роўна год таму. Саша, ты быў вельмі актыўны ў Лідзе, выходзіў на пратэсты?

– Атрымалася так, што праз лакдаўн у мяне не было працы. Я ўжо не працаваў у Купалаўскім, а ў „Ok16”, у Хабе, мы вырашылі не рызыкаваць здароўем гледачоў, і таксама перасталі граць спектаклі. У мяне было тры спектаклі там, у гэтай прасторы, па акцёрскай прафесіі.  Я сядзеў на лецішчы, пад Лідай, і кожную нядзелю ездзіў на акцыі, гдядзеў на тое, якая прыгажосць робіцца, а калі нас ужо разганялі, я там пікет рабіў. Карацей- я рабіў усё што мог. Да Менску дабрацца было можна, але чаму ў Лідзе, у Бярозаўцы не схадзіць?

РР: Вы не лічыце гэты год страчаным?

– Не, не страчаны. Можна прайграць бітву, але не прайграць вайну, хоць я і не люблю гэтыя мілітарысцкія выказванні. Можа мы прайгралі з выгляду – Лукашэнка яшчэ на пасадзе, але не – сапраўдная перамога за намі. Ва Украіне дагэтуль кажуць што мы не перамаглі таму, што мы не пайшлі на барыкады. А я лічу, што гэта таму, што мы іншыя. У нас свой шлях. Таму што ўлады – гэта было навідавоку – яны чакалі з боку пратэстоўцаў агрэсію. Таму яны самі рабілі гэтыя сюжэты агрэсіўнмі і інсцэнаванымі. Калі бы людзі пайшлі на агрэсію – яны забілі бы сотні, а можа і тысячы. Таму што, як мы разумеем, у гэтага чалавека няма ўвогуле ніякай чалавечнасці, для яго чалавек – ніхто і нішто. І ён сваімі сінімі пальцамі, ужо нават чорнымі і чырвонымі ад крыві, проста барабаніў бы па людзях. Яму ўсё роўна, зараз мы гэта ўжо ведаем. Ён будзе да апошняга дня трымацца за гэтае крэсла, таму што яму бегчы няма куды. Ён у турме. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Такі погляд на падзеі мінулага году двух акцёраў – Алеся Малчанава і Аляксандра Радзько. Пасля выбараў кіраўніка дзяржавы, якія не прызнала міжнародная супольнасць і вялікая частка беларускага грамадства – пачаліся масавыя акцыі пратэсту, а пазней хваля гвалту з боку сілавікоў.

Беларускае Раыё Рацыя