Акцёры Купалаўскага тэатра патрабуюць спыніць міліцэйскі гвалт



Акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы звярнуліся да праваахоўнікаў з заклікам спыніць прымяненне сілы.

„Мы, купалаўцы, з болем глядзім на тое, што адбываецца ў краіне. Мы паважаем закон і правы чалавека, але кожны вечар жывем, як на фронце”, — гаворыцца ў відэазвароце, запісаным акцёрамі.

„Пакалечаныя людзі нікуды не знікнуць. Яны ніколі не забудуць таго, што з імі адбылося. Мы ўжо не зможам жыць так, як раней. Мы патрабуем спыніць прымяненне сілы ў дачыненні да мірных людзей”, — заявілі супрацоўнікі тэатра.

„Мы вельмі занепакоеныя тым, што нашы сябры, нашы калегі, суседзі, знаёмыя знаходзяцца пад арыштам. Мы супраць тэрору і гвалту. Мы супраць смерцяў і крыві ў нашай краіне. Мы хочам міру і спакою”, — гаворыцца ў звароце.

Пасля акцый пратэсту ў Менску ў ноч на 11 жніўня прапаў акцёр Купалаўскага тэатра Павел Харланчук-Южакоў. Паводле слоў жонкі, ён з сябрамі ўвечары быў у горадзе, спачатку ў раёне вуліцы Няміга, затым вуліцы Якуба Коласа, пазней недалёка ад станцыі метро „Пушкінская”. Каля дзвюх ночы Харланчук-Южакоў паведаміў жонцы па тэлефоне, што збіраецца ехаць адтуль на таксі дадому, але затым перастаў выходзіць на сувязь. Знайсці акцёра не ўдавалася больш за суткі. Сёння стала вядома, што ён быў затрыманы. Цяпер Павел Харланчук-Южакоў на волі.

belapan.by