“Акварыюм” ад Сільвановіча ў гарадзенскай “Крызе”
Персанальная выстава гарадзенскага знакамітага мастака Аляксандра Сільвановіча адкрылася ў “Цэнтры гарадскога жыцця” і арт-галерэі “Крыга”. Тузін вялікіх працаў маюць агульную канцэпцыю, звязаную як з вадою, так і з жыццём чалавека.
Пра адметнасць сваіх працаў распавядае Аляксандр Сільвановіч:
– Тут ёсць і рыба, і чарапаха, і нават карэта Напалеона, якая недзе ў воднай прасторы, як лічаць. Але, канешне, для мяне акварыюм, гэта і не рыбы, гэта, у пэўнай ступені, нашае жыццё, вось маё жыццё, гэта наша гісторыя, нашыя легенды. Усё тое, што можна нейкім чынам распавесці, пра шкло, як у акварыюме, альбо проста падыйсці да маіх карцінаў і паглядзець уважліва, можна нават рукамі дакрануцца.
Чым адметныя і цікавыя працы Аляксандра Сільвановіча распавядае гарадзенскі архітэктар Святлана Жамойціна:
– Вельмі цёплыя, прыемныя працы. Вельмі мінімалістычныя, як і жыццё наша ў Беларусі, яно такое выкрышталізаванае. Яго творчасць – тадта вытанчаная. Ён вельмі цікавы сам па сабе чалавек, і яго творчасць цэльная і прыгожая. Вялікі дзякуй. І віншую мастака з гэтай выставай.
Экспазіцыя рыхтавалася цягам года для выставы ў Польшчы, аднак, каб здзівіць гарадзенцаў, яе паказваюць ва ўтульным невялічкім памяшканні “Крыгі“.
Персанальныя выставы Аляксандра распачаліся яшчэ ў 1994-м годдзе і яго працы знаходзяцца ў прыватных зборах і ў калекцыях вядомых беларускіх і замежных музеяў.
Беларускае Радыё Рацыя