Ала Петрушкевіч: Сыходзіць эпоха тых, хто пабудаваў беларускую Гародню



Памёр беларускі літаратуразнаўца гарадзенскі прафесар Аляксей Пяткевіч. Прычына смерці – каронавірус. Вялікая страта для нацыянальнай культуры, беларускага нацыянальнага руху. Амаль усе значныя падзеі на тле культурнага жыцця, што праходзілі ў Гародні не абыходзіліся без ягонага ўдзелу. Шмат гадоў быў сябрам мясцовай суполкі Саюзу Беларускіх пісьменнікаў, дзесягоддзі ўзначальваў гарадзенскую гарадскую суполку Таварыства Беларускай Мовы, меў вялікі навуковы і педагагічны здабытак. Пра яго кажа літаратарка Ала Петрушкевіч.

– Сыходзіць эпоха тых, хто пабудаваў беларускую Гародню, тых, хто вяртаў беларусам гістарычную памяць, а Аляксей Міхайлавіч адкрываў гэта і паказваў, глядзіце, хто мы. Глядзіце, чым была Гарадзеншчына не толькі тут, у Беларусі, але для ўсяго свету. Гэта ягоны энцыклапедычны даведнік „Людзі культуры Гродзеншчыны” – гэта такая праца вялікая, якую павінны былі б рабіць цэлыя гурты даследчыкаў, цэлыя акадэмічныя суполкі, а ён зрабіў яе адзін.

Развітанне з Аляксеем Пяткевічам пройдзе ў панядзелак, 14-га сакавіка. Ад 10:00 да 11:45 труна будзе стаяць у храме святой Вольгі (вул. Леніна), з 11:50 – пройдзе чын Паніхіды ў Пакроўскім Саборы. Пахаваюць Аляксея Пяткевіча ў Свержані, Менскай вобласці, на ягонай радзіме. 

Беларускае Радыё Рацыя