Альбярцінская кафля



Даўно не бачыўся з нашым выдатным фатографам Віталем Гілём.

Некалі разам працавалі ў „Газеце Слонімскай”, а потым Віталь штурмаваў менскія выданні. Цяпер прыехаў у родны Альбярцін (мікрараён Слоніма) адпачыць. І пры сустрэчы адразу паказаў старую кафлю з завода Пуслоўскага. „Рабілі нядаўна рамонт печы ў доме і выпала гэта кафля”, — сказаў Віталь. Сапраўды, кафля каштоўная і арыгінальная з тэкстам „Аlbertin”. Выраблена яна была ў 1930-х гадах у пасёлку Альбярцін каля Слоніма. Падобныя кафлі мне сустракаліся не часта. Але нядаўна адну бачыў і ў музеі Волпаўскай СШ Ваўкавыскага раёна.

Дарэчы, кафлярства ў Беларусі і кераміку добра даследуе гісторык Ніна Здановіч. У 2005 годзе яна выдала цудоўную кнігу “Кафлярства ў Беларусі”, з’яўляецца аўтарам дзесяткі артыкулаў-даследаванняў па беларускім кафлярстве. І родам Ніна Здановіч са Слоніма, жыве ў Менску.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя