Алег Латышонак: У Язэпа Варонкі былі правадырскія замашкі



4 красавіка 1891 года нарадзіўся першы прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Варонка. Ён нарадзіўся на Сакольшчыне – ў мясцовасці Кузніца, цяпер гэта польска-беларуская мяжа.

1

Як расказвае прафесар Алег Латышонак, на Сакольскай зямлі і цяпер жывуць людзі з прозвішчам Варонка:

На Сакольшчыне ёсць нават Язэпы Варонкі! І гэта імя – Язэп Варонка – было відаць у родзе пашыранае. Ёсць Варонкі і ад боку Слоі, і ад боку Сідры. Маю надзею, што нехта з Варонкаў нас пачуе і захоча пашукаць у сваёй сямейнай гісторыі, ці не было ў родзе такога Язэпа, Юзэфа, сына Якуба, тады запісана афіцыйна Якава.

Язэп Варонка, сын Якуба, нарадзіўся ў 1891 годзе. Навучаўся ў Пецярбургскім універсітэце на юрыдычным факультэце:

Але гэтай вучобы ён не закончыў у сувязі з рэвалюцыяй. Ён стаў нацыянальным дзеячом, быў адным з галоўных прыхільнікаў абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў Радзе БНР, і ўзначаліў Народны Сакратарыят, першы беларускі ўрад. Гэта вялікая заслуга Варонкі, хоць пасля замянілі яго на гэтай пасадзе іншыя. Варонка пераехаў з Гародні, і трэба прыгадаць, што ў гэты час ужо насоўваліся бальшавікі з усходу.

„Язэпу Варонку прапанавалі пасаду міністра беларускіх спраў у літоўскім урадзе, і ён са згоды іншых дзеячоў прыняў гэтую пасаду. Ствараў адзін з цэнтраў улады на беларускай частцы, якую тады Літва лічыла сваёю, а ў гэта ў выніку дамоваў з немцамі ўваходзіла і Беласточчына”, – працягвае Алег Латышонак:

Язэп Варонка тут вельмі актыўна дзейнічаў. Наогул у яго былі заўсёды такія правадырскія замашкі, на што, натуральна, не ўсе пагаджаліся, бо кандыдатаў на правадыра народу было больш. А тады ж яшчэ быў працэс станаўлення палітычнай эліты. І Варонка ўрэшце вырашыў, што яму няма месца ў новай рэальнасці без незалежнай Беларусі і падаўся ў эміграцыю ў Амерыку. Там ён апынуўся сярод расейскай эміграцыі. І гэта нічога дзіўнага, там ужо былі расейскія і польскія арганізацыі, таму праваслаўныя траплялі ў першыя, а каталікі – ў другія. І так адбываўся працэс асіміляцыі, пакуль і так усе не сталі амерыканцамі. Натуральна, Варонка ўжо ніякім працэсам асіміляцыі не падлягаў, але знайшоў сабе прыпынішча сярод расейскай эміграцыі, вёў расейскамоўнае радыё ў Чыкага. І зноў актывізаваўся Варонка ў час Другой сусветнай вайны, калі трэба было дапамагчы Бацькаўшчыне ў барацьбе з гітлераўскай Нямеччынай. Гэта аб’яднала і каталікоў, і праваслаўных, яны стварылі Беларуска-Амерыканскую Раду і намагаліся ўсяляк дамагчы ў змаганні з Гітлерам. І тут Варонка таксама стараўся зрабіць усё магчымае для сваёй Бацькаўшчыны – Беларусі.

Беларускі палітычны дзеяч Язэп Варонка памёр у Чыкага ў 1952 годзе.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pawet.net

[manual_related_posts]