Алег Трусаў: Чыноўнікі пачалі спрыяць Універсітэту імя Гілевіча



Пасля „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка, на якой уздымалася пытанне аб прыватным Універсітэце імя Ніла Гілевіча, прадстаўнікі ўлады пачалі спрыяць яго рабоце. Пра гэта БелаПАН паведаміў выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ, ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Алег Трусаў.

Паводле яго слоў, „сур`ёзных перашкод” стварэнню і функцыянаванню прыватнага ўніверсітэта ўлады „і не чынілі”. „Мы рэгулярна сустракаемся з рознымі чыноўнікамі Міністэрства адукацыі, яны нам абмалявалі ўмовы, неабходныя для атрымання ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць. Умоваў шмат, гэта вялікая праца, але мы паволі ўсё робім. З іншага боку, калі мы ўсё зробім, узровень адукацыі ў нашай ВНУ будзе вельмі высокі”, — сказаў Трусаў.

Ён нагадаў, што на „Вялікай размове” Лукашэнка пахваліў ТБМ. „Сказаў: маўляў, бачыце, адмовіліся рабіць новы дзяржаўны ўніверсітэт, а яны прыватны стварылі, не беручы ні капейкі з бюджэту, — адзначыў в.а. рэктара ВНУ. — Ён (Лукашэнка. — БелаПАН.) вельмі станоўча паставіўся. Сказаў, што даручыць нам перакладаць законы на беларускую мову і будзе за гэта плаціць. Вядома, мы будзем гэта рабіць. ТБМ у свой час пераклала Грамадзянскі кодэкс, у нас ёсць ужо гатовыя законы, якія мы рабілі на грамадскіх пачатках. Ну а калі яны нам яшчэ і плаціць трохі будуць, так працэс пойдзе яшчэ хутчэй”.

„А з учарашняга дня чыноўнікі сталі нам вельмі спрыяць, — сказаў Трусаў. — Учора мне патэлефанавалі, запрасілі прыйсці 7 сакавіка ў адпаведнае ведамства — Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. Я пайду туды, і мы з чыноўнікамі пагаворым, як нам зрабіць, каб нашы законы былі на дзвюх мовах, а не на адной”.

Трусаў таксама паведаміў, што раніцай 6 сакавіка ў складзе вялікай дэлегацыі грамадскіх і палітычных дзеячаў сустрэўся з міністрам юстыцыі Алегам Сліжэўскім. Міністр, паводле яго слоў, пацвердзіў зацікаўленасць у тым, каб законы ў Беларусі існавалі на дзвюх дзяржаўных мовах. Трусаў дадаў, што Сліжэўскі гаварыў з ім „на добрай беларускай мове”.

Варта зазначыць, што на „Вялікай размове з прэзідэнтам” Лукашэнка запатрабаваў, каб створаная ТБМ ВНУ была „правільным універсітэтам”, у якім бы „рускую мову шанавалі і вывучалі”.

Каментуючы БелаПАН выказванне прэзідэнта, Трусаў заявіў, што ва Універсітэце Ніла Гілевіча „павагі да рускай мовы будзе паболей, чым у дзяржаўных універсітэтах”, але як асобную дысцыпліну яе вывучаць не будуць. „Мы хочам апроч іншага стварыць кафедру русістыкі, дзе будуць вывучаць гісторыю Расіі комплексна — і мову, і культуру, і эканоміку, — паведаміў ён. — У нашай краіне пра сучасную Расію ніхто нічога не ведае. Старэйшае пакаленне яшчэ памятае пра Савецкі Саюз, а моладзь ні разу ў Расіі не была і асабліва ехаць туды не хоча. Мае студэнты лепш ведаюць Парыж і Варшаву, а ў межах Расіі ніколі не былі і не жадаюць”.

„Вядома, некаторыя прадметы будуць вывучацца з дапамогай рускай мовы. Але саму рускую мову, як прадмет, уводзіць не мае сэнсу. Нідзе, акрамя філалагічных факультэтаў, яе і не вывучаюць. Але прадметы, звязаныя з Расіяй, рускай мовай, на гэтай кафедры будуць існаваць, гэта зразумела”, — падкрэсліў ганаровы старшыня ТБМ.

Ствараць прыватны беларускамоўны ўніверсітэт ТБМ пачало ў 2017 годзе. У канцы верасня таго ж года Мінгарвыканкам зарэгістраваў ВНУ як структурнае падраздзяленне таварыства і выдзеліў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць яе назву. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спробаў ВНУ зарэгістравалі пад назвай „Універсітэт імя Ніла Гілевіча”. Неўзабаве быў зарэгістраваны і статут універсітэта, згодна з якім навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях.

Улетку 2018 года кіраўніцтва ТБМ запусціла сайт універсітэта, а таксама адкрыла некалькі банкаўскіх рахункаў для тых, хто хоча ахвяраваць грошы на развіццё адукацыйнай установы.

Цяпер заснавальнікі ВНУ займаюцца падрыхтоўкай дакументацыі, неабходнай для атрымання ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць па шасці спецыяльнасцях: камп`ютарныя тэхналогіі ў сферы культуры і адукацыі; ахова помнікаў культуры, гістарычнай спадчыны, турызм; паланістыка; германістыка; мастацкі пераклад; урбаністыка. Меркавалася, што спроба атрымаць ліцэнзію ў Міністэрстве адукацыі будзе зробленая ў лютым, аднак гэтую справу была вырашана адкласці на некалькі месяцаў у сувязі з неабходнасцю распрацаваць вучэбна-метадычныя комплексы.

belapan.by

[manual_related_posts]