Алексіевіч выступіла з адкрытым лістом з нагоды сітуацыі на беларуска-польскай мяжы



З адкрытым лістом з нагоды сітуацыі на беларуска-польскай мяжы выступілі чатыры лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па літаратуры: Святлана Алексіевіч (Беларусь, 2015), Вольга Такарчук (Польшча, 2018), Грэта Мюлер (Германія/Румынія, 2009) і Эльфрыда Елінек (Аўстрыя, 2004).

Тэкст ліста размясціла на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” Вольга Такарчук.

Пісьменніцы звяртаюцца ў Савет Еўропы і Еўрапейскі парламент. На іх думку, цяпер на ўсходняй мяжы Еўразвязу адбываецца „гуманітарная катастрофа”, з-за ўведзенага Польшчай надзвычайнага становішча на мяжы хворым людзям не аказваецца медыцынская дапамога, а СМІ не маюць доступу ў зону дзеянняў.

„Аднак нават гэтая няпоўная, адрывістая інфармацыя дае ўяўленне пра маштабы гуманітарнай катастрофы, якая адбываецца на мяжы Еўрапейскага звязу: мы ведаем, што там людзі зведваюць бязлітасную рэпрэсіўную працэдуру і асуджаныя на холад, голад і знясіленне. Беларускія турфірмы, якія кантралююцца рэжымам Лукашэнкі, абяцаюць бежанцам уехаць у ЕЗ за высокую плату. Прывабіўшы такім чынам у Менск, іх адвозяць арганізаваным транспартам у лес да мяжы. Там іх спрабуюць выціснуць у Польшчу, а польскія службы гвалтоўна вяртаюць у Беларусь. У горшым выпадку гэта заканчваецца смерцю. Некаторыя з загінулых вядомыя нам па імёнах, іншыя паміраюць ананімна”, — пішуць нобелеўскія лаўрэаты.

Яны просяць улады ЕЗ „не адварочвацца ад трагедыі„.

„Тое, што мы дапускаем на гэтых межах, не адпавядае нашым асноўным еўрапейскім каштоўнасцям. Мы заклікаем да найхутчэйшага і найбольш эфектыўнага вырашэння гэтага гуманітарнага крызісу, да выканання палажэнняў Жэнеўскай канвенцыі і перш за ўсё да магчымасці пачаць працэдуру давання прытулку для ўсіх, хто просіць аб гэтым і быў затрыманы ў гэтай краіне”, — заклікаюць пісьменніцы еўрапейскіх чыноўнікаў.

Яны просяць дапусціць у памежны рэгіён гуманітарныя арганізацыі для аказання медыцынскай і юрыдычнай дапамогі, а таксама журналістаў.