Алена Анісім: Не можам атрымаць ліцэнзію



Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавяла, чаму справа з атрыманнем ліцэнзіі для беларускамоўнага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча пакуль не рухаецца з месца.

Алена Анісім: Міністэрства адукацыі не хоча нам даваць ліцэнзію, таму зрухаў няма. Яны перадаюць нам даволі дзіўныя заўвагі і прэтэнзіі, якія, напрыклад тычацца некаторых пытанняў размеркавання студэнтаў альбо нечага іншага, што дазваляе простую працэдуру пераўтварыць у валакіту. І гэта сведчыць выключна пра нежаданне Міністэрства адукацыі дапускаць на рынак установу з беларускай мовай навучання.

Безумоўна, ёсць факты, калі ствараюцца беларускамоўныя дзіцячыя садкі, але ў той жа час робяць усё, каб адзіны на ўсю краіну беларускамоўны ўніверсітэт не з’явіўся ў краіне.

РР: На якой стадыі спыніўся працэс?

Алена Анісім: На стадыі атрымання ліцэнзій па спецыяльнасцях. Сутнасць у тым, што нават калі мы даем свае прапановы на нейкае метадычнае аб’яднанне нейкага ўніверсітэта, каб яны выказалі свае заўвагі адносна нашай гатоўнасці рыхтаваць студэнтаў па спецыяльнасцях, то зразумела, што без Міністэрства адукацыі яны нічога не могуць нам адказаць. Гэта ж адна сістэма, таму ўсё узгадняецца.

Таму атрымліваецца, што нашы першыя стасункі з Міністэрствам адукацыі – гэта проста біццё лбом у сценку. Гэта нас не палохаем, бо ведаем, з кім маем справу. І разумеем, што менавіта мова навучання для чыноўнікаў становіцца крытэрыем для таго, каб не дапусціць адкрыцця ўніверсітэта.

Каля трох год ідзе праца па атрыманні ліцэнзіі. Можа быць, гэта не так і шмат, але пэўныя высновы можна зрабіць, як дзяржава ставіцца да гэтага праекта.

Бо тут жа пры жаданні праблема магла б вырашыцца вельмі проста. Міністэрства адукацыі магло нас запрасіць і сказаць: “Вы павінны ў паперах выправіць канкрэтна тое і тое, і на гэтым пытанне будзе закрыта”. Але ж так не робяць. Нам проста ідуць адпіскі. Пра сумеснае супрацоўніцтва гаворка нават не ідзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя