Алесь Аркуш прэзентаваў „Сядзібу” ў родным Полацку



Пісьменнік, журналіст і наш калега Алесь Аркуш першую прэзентацыю свайго новага рамана „Сядзіба” правёў у родным Полацку. Падзея адбылася ў рамках моўных курсаў „Жывая мова”.

„Сядзіба” – чацвёрты раман Алеся Аркуша. Як і ў папярэднім „Захопе Беларусі марсіянамі”, падзеі ў ім адбываюцца ў Полацку. Сам аўтар называе „Сядзібу” – містычным раманам. Нічога не знікае ў невараць, кажа Аркуш у сваім новым творы, усё недзе існуе ў паралельным свеце. На полацкай сядзібе адбываюцца дзіўныя здарэнні. Метафізічнае жыццё ценяў і прывідаў пранікае ў рэальны свет.

Падчас прэзентацыі пісьменнік распавёў пра свае ранейшыя кнігі, згадаў шэраг любімых полацкіх легендаў і гісторыяў, адкрыў некалькі таямніцаў, звязаных з напісаннем „Сядзібы”. А таксама адказаў на пытанні і правёў невялікую аўтограф-сесію.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік