Алесь Бакач заклікае дапамагчы выдаць лепшую беларускую дзіцячую паэзію



„Кожны народ выхоўвае дзяцей на сваёй паэзіі. Любоў да роднай мовы абуджаецца ў дзіцячым сэрцы дзякуючы першым пачутым і завучаным вершам”. Так пачынаецца зварот у СМІ кіраўніка грамадскай арганізацыі «Творчае згуртаванне «Святліца» з Баранавіч Алеся Бакача. Алесь заклікае дапамагчы выдаць два тамы выбранай дзіцячай паэзіі:

– Матэрыял на два тамы быў у асноўным гатовы ўжо нават у 2005 годзе. Але магчыма трэба нешта дапоўніць, ці можа структурна памяняць змест матэрыяла, але галоўнае – праца ўжо зробленая, яна ёсць.

Упершыню заклік Алеся Бакача да выдання вершазбору быў надрукаваны ў газеце «Наша слова» ў 2003 годзе. А ўжо ў 2005 годзе ў выдавецтве «Тэхналогія» пабачыў свет першы том пад назвай «Побач з намі на Зямлі». Кніга прысвечана жывёльнаму свету. Другі том прысвечаны расліннам, а трэці – свету чалавека. Укладальнікам усіх трох тамоў выступіў вядомы паэт Алег Мінкін.

Заканчваецца зварот у СМІ Алеся Бакача такімі словамі: „Калі ласка, далучайцеся да гэтага народнага праекту! Дасылайце вершы, выказвайце прапановы па фінансаванні выдання будучых кніг, па іх афармленні і распаўсюджванні на адрас электроннай пошты Алега Мінкіна: [email protected]

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя