Аляксей Марачкін у Гародні з выставай “З рога ўсяго многа”



Вядомы беларускі мастак Аляксей Марачкін (псеўданім Алесь Мара) прадставіў у гарадзенскай галерэі “Тызенгаўз” сваю персанальную выставу “З рога ўсяго многа”. У экспазіцыі два дзясяткі працаў на гістарычную тэму, пейзажы і партрэты.

Пра адметнасць выставы ў Гародні кажа сам аўтар:

– У калодцы сядзіць рыбак і рыбу ловіць. Здаецца, вось такі сюжэт. Лодку змясціў, жоўта-блакітны сцяжок, і ў гэтага рыбака за плячыма аўтамат. Не дужа і ціхая ўкраінская ноч. Я думаю, што гэты твор варта паглядзець. Ну і ёсць тут краявіды. Краявіды Магілёўшчыны, гэта мясціны, дзе прайшло маё дзяцінства. Ну і таксама тут змясціўся партрэт Багуслава Радзівіла, гэтай адметнай гістачнай асобы.

Для дырэктара галерэі «Тызенгауз» Вольгі Бабінскай гэтая выстава – як ўспамін мінулых гадоў.

– За 17 год існавання галерэі, гэта трэцяя выстава Алеся Мары – Аляксея Марачкіна ў нас. Але ж паміж апошняй і сённяшняй прайшло больш чым дзесяць гадоў. Мне вельмі прыемна, калі ён пазваніў і прапанаваў свае творы для выставы. Для мяне асабліва гэта такі прыемны выпадак, таму што сустрэча з гэтым мастаком нагадвае мне пра той час, дзесяць гадоў таму, калі была яшчэ з намі спадарыня Галіна Канстанцінаўна Сарока і калі ўсе мы былі маладыя і прыгожыя.

Пабачыць выставу Алеся Мары ў цэнтры Гародні можна да 11 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя