Алесь Станкевіч распавёў пра Магілёў свайго дзяцінства



Вядомы дзеяч Беларускага згуртавання вайскоўцаў, паэт і краязнаўца Алесь Станкевіч выступіў перад жыхарамі Магілёва. Вечарына, якую ладзіла Таварыства беларускай мовы, закранула шмат пытанняў – і пра беларусаў свету, і пра партызанскае мінулае бацькоў Алеся Станкевіча. А галоўнай тэмай стаў Магілёў мінулых часоў. У прыватнасці, была згаданая саборная царква Трох Свяціцеляў, куды госць вечарыны упершыню трапіў яшчэ ў дзяцінстве.

Распавядае Алесь Станкевіч:

— Трохсвяціцельская царква ў той час, у маім маленстве, яшчэ працавала. Калі мне было 4 гадочкі бабулька мяне туды звадзіла. Яна ішла па справах, мяне не было куды дзець. А потым яе закрылі, у мяне на вачах. Людзі пратэставалі, а іх міліцыя пасадзіла ў машыны і вывозілі  за горад і выгружалі: ідзіце назад пешкі. Такая была мера пакарання супраць актыўных вернікаў. Паздымалі купалы, паздымалі званы і зрабілі там дом культуры Строммаша.

Для прысутных Алесь Станкевіч правёў віртуальную экскурсію па вуліцах старога Магілёва, распавёўшы пра страчаную спадчыну і пра змены, якія кранулі горад у апошнія дзесяцігоддзі. Вядомы грамадскі дзеяч прызнаўся, што хоць даўно жыве ў Менску, дагэтуль пры знаёмстве кажа, што ён магілёвец.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёў

Фота аўтара