Алесь Таболіч: Мы ўсё ж такі зламаем сістэму
З Госцем Рацыі – беларускім музыкам, дызайнерам і мастаком Алесем Таболічам і з іншымі ўдзельнікамі гурта Znich Яна Запольская размаўляла пра іх адаптацыю ў Польшчы, творчасць і выступы на Падляшшы.

РР: Распавядзіце больш падрабязна пра вашыя выступы, звязаныя са Старым Новым годам і пра ваш выступ у Ласінцы на Падляшшы.
Алесь Таболіч: Па-першае, там не толькі мы выступаем, але калі казаць пра падзею для Польшчы і для нас саміх, то гэта для нас будзе такі першы паўнавартасны акустычны канцэрт. Таму што мы граем фолк-метал, і цяпер зрабілі такі эксперымент. І для ўсіх, хто цікавіцца беларускім фальклорам, традыцыямі, а таксама нашай музыкай, непасрэдна “Знічам”, думаю, што будзе такая выдатная магчымасць паглядзець гэта ўсё нажыва, патанчыць і сустрэць Стары Новы год. І там будзе яшчэ некалькі гуртоў, ведаю адзін польскі гурт і яшчэ адзін беларускі. Наконт тэматыкі ўсё было эксперыментальна.
РР: Цікава, што канцэрт адбудзецца ў вясковай святліцы. Яна стварае акустычную атмасферу?
Алесь Таболіч: Думаю, што гэта выдатны такі момант і для нас саміх, бо мы ўсё ж такі прадстаўнікі фолк-металу, і прапаганда беларускай культуры ўсё ж. І тое, што мы не ў вялікай залі, а прыехалі да вас на Беласточчыну, я вельмі ўсцешаны гэтым, і што мы прыехалі да вас, на Радыё Рацыя, я таксама тут упершыню.
РР: Гучыце тут не ўпершыню.
Алесь Таболіч: Але ў самой студыі ўпершыню. І тое, што мы ўсё ж такі прыехалі тады яшчэ, у 2010 годзе, здаецца, у далёкім мінулым на “Басовішча”, але першы канцэрт мы робім на эміграцыі тут, мне падаецца, што гэта такая знакавая падзея на Стары Новы год.
РР: Будзем лічыць, што гэта такі добры знак усё ж такі.
Алесь Таболіч: Канешне.
РР: Ведаю, што вы цяпер рэпетавалі шмат, выкладалі ў “Фэйсбук”. Як увогуле гэтыя некалькі месяцаў у эміграцыі, наколькі ўдалося музычна, творча знайсці сябе? Бо ведаю, што вы ў першых інтэрв’ю пасля выезду казалі пра тое, што былі праблемы з адаптацыяй і знаходжаннем сябе.
Алесь Таболіч: Канешне. Яны і знаходзяцца ў нашай адаптацыі, таму што цяпер нам дапамагаюць якраз такі людзі, з якімі былі ранейшыя стасункі. На жаль, я яшчэ раз паўтаруся, арганізацыі, якія займаюцца культурнай салідарнасцю нічым не дапамагалі нам і нават не рабілі анонсаў канцэртаў, акрамя такіх, як вы, Радыё Рацыя. Вельмі мала ідзе інфармацыі. У асноўным мы ўсё робім самі. Бо мы музыкі, мы павінны сябе паказаць тут. Думаю, што мы ўсё ж такі зламаем сістэму. Будзем таксама тут змагацца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
