Аляксандр Олесь па-беларуску



Першым перакладчыкам вершаў знакамітага ўкраінскага паэта Аляксандра Олеся (1878-1944) на беларускую мову быў Максім Багдановіч, які надрукаваў два ягоныя вершы на старонках свайго славутага “Вянка”.

oles

Сёння мы маем цэлую кнігу вершаў Аляксандра Олеся на беларускай мове – гэта кніга “Кобза і меч”, якая на днях пабачыла свет у Менску. Вершы на беларускую мову пераклаў Алесь Траяноўскі (1925-2005). Асобнай кнігай яны не выдаваліся пры жыцці перакладчыка. Пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік сёння іх сабраў і выдаў.

Прадмову і пасляслоўе да яе напісаў празаік Алесь Жук, які падкрэсліў, што “выданнем гэтай кнігі мы адзначаем 90-годдзе з дня нараджэння Алеся Траяноўскага і 100-гадовы юбілей першых перакладаў выдатнага ўкраінскага паэта на беларускую мову”.

ales Trajanouski i ales Zuk

Алесь Траяноўскі і Алесь Жук

У кнігу «Кобза і меч» увайшлі 104 вершы Аляксандра Олеся ў перакладзе Алеся Траяноўскага. Гэта вершы, напісаныя ўкраінскім паэтам у розны час, пачынаючы з 1904 года. Да вершаў у кнізе пасуе і арыгінальная графіка Юліі Шаціла – беларускай мастачкі, якая аздобіла гэта выданне.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.