Аляксей Туровіч: Курапаты – наша нацыянальная трагедыя



Фільм “Жоўты пясочак” па аднайменнай аповесці Васіля Быкава паказалі ў берасцейскім кінатэатры “Беларусь”.

Рэжысёр стужкі Аляксей Туровіч адначасова з’яўляўся ейным прадзюсарам, спонсарам і адным з актораў:

– Курапаты – гэта нацыянальная наша трагедыя. Гэта гісторыя. Загінула каля 300 тысяч чалавек. Гэта былі розныя людзі: інтэлігенцыя, сяляне, рабочыя і тыя ж супрацоўнікі НКВД, якія самі траплялі ў гэтыя жорны. Вось чаму я вырашый зрабіць гэтую стужку. Бо гэта памяць, гэта боль нашай беларускай нацыі. Мы мусім зрабіць так, каб больш гэтага не здарылася. Бо сёння ідзе такі ж гвалт.

На берасцейскую прэм’еру прыйшло каля 50 чалавек, а гэта прыкладна палова малой залы, дзе адбываўся паказ. “Тэма сталінскіх рэпрэсій, якія ўздымае стужка, бясспрэчна вельмі важная для Беларусі”, – дзеляцца ўраджаннямі наведвальнікі:

– Канешне, Быкаў вялікі пісьменнік. Туровіч нядрэнны кінарэжыссёр. Кіно жахлівае. Але ж відавочна, што яму на тое, каб зняць фільм, дзяржава не давала грошай. Ён зняты літаральна на нейкія капейкі. Але тое, што атрымалася, атрымалася нядрэнна.

– Фільм уразіў. Праўда, канцоўка была не зусім зразумелай.

У кінатэатры “Беларусь” паказы будуць адбывацца штодзённа да 1 лістапада.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара