Анатоль Брусевіч: Што далей будзе – не ведаю. Пакуль цешуся выхадам кнігі



У Гародні сёлета значна зменшылася вольная выдавецкая справа. Новыя кнігі за 2021 год у гарадзенскага выдавецтва „Літара” можна пералічыць на пальцах адной рукі. Таму значная падзея гэтага месяца – выхад  дыхтоўнага паэтычнага зборніка „Крылы” сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Анатоля Брусевіча.

Наш карэспандэнт Якуб Сушынскі пагутарыў з Госцем Рацыі – аўтарам зборніка.

РР: Выхад кожнай кнігі беларускага літаратара – падзея ў беларускай літаратуры. Вы прэзентуеце сваю чарговую кнігу. Як яна называецца?

Анатоль Брусевіч: Мая новая кніга называецца “Крылы”. І, нягледзячы на тое, што спякота, я думаю, што варта зрабіць невялічкі палёт у беларускай літаратурнай прасторы.

РР: Ужо за некалькі дзён да выхаду вашай кнігі пад нікам “літаратурны працэс” хтосьці пачаў патроху азнаёмліваць людзей пра змест вашай кнігі. 

Анатоль Брусевіч: Сапраўды ў інтэрнэце невялічкая рэклама з’яўляецца. Там не толькі пра маю кнігу, але і пра нейкія іншыя рэчы, звязаныя з літаратурным працэсам. Але калі канкрэтна пра кнігу, то гэта выбранае, кніга даволі вялікая – на 200 старонак. У ёй чатыры раздзелы. І, напрыклад, першы раздзел раскрывае суадносіны мастака і мастацтва, такая больш філасофская лірыка. У другім раздзеле больш, можа быць, лірыка патрыятычная, у тым ліку вершы, прысвечаныя радзіме. Трэці раздзел гэта лірыка, можна сказаць, дыянісійскага характару. І апошні раздзел – гэта лірыка інтымная. Калі простай мовай – гэта вершы пра каханне. Ну і нарэшце, там яшчэ ёсць цэлая паэма – паэма “Крылы”, якая і дала назву ўсёй кнізе.

РР: Здаецца, гэтая паэма ўжо публікавалася ў друку.

Анатоль Брусевіч: Усе вершы публікаваліся. Толькі гэта было ў розных часопісах, у розных альманахах на працягу апошніх 6-7 гадоў. “Крылы” публікаваліся ў часопісе “Тэрмапілы”.

РР: Для кожнага творцы напэўна кніга – гэта нейкі этап. Якім вы сябе пачуваеце, выдаўшы гэтую кнігу? Саракагадовым, дваццацігадовым, ці ўсё ж паэтам сталага, сфармаванага характару?

Анатоль Брусевіч: Я пачуваюся на свой узрост – саракатрохгадовым паэтам. Гэтая кніга сапраўды нейкі этап у маім жыцці – і творчым, і нятворчым. Я не ведаю, што будзе далей. Магчыма гэта і апошняя кніга. Таму што крызіс гуманітарнай культуры адчуваецца. І многім сёння ні да вершаў, ні да паэзіі. І я не ведаю яшчэ наколькі будуць запатрабаваныя гэтыя “Крылы”. Усё будзе бачна. Пакуль як ёсць так ёсць. І я цешуся з нагоды яе выхаду.

Цалкам размова:

Размаўляў Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя