Андрэй Чарнякевіч прадставіў у Гародні сваю новую кнігу



У Гарадзенскай этна-краме „Цудоўня” прайшла прэзэнтацыя кнігі гісторыка Андрэя Чарнякевіча „Чужы сярод чужых. Павал Аляксюк і беларускія паланафілы”. Асоба галоўнага героя кнігі у беларускай перыёдыцы ва ўспамінах знакавых беларускіх дзеячаў негатыўная. Чаму тады аўтар ўзяўся вывучаць гэтую тэму, кажа сам Андрэй Чарнякевіч:

Постаць Паўла Алексюка — гэта такая харызматычная постаць здрадніка, антыпатрыёта. Магчыма гэта адна з галоўных падстаў, чаму яна мяне зацікавіла. Я шчыра ўпэўнены, што нават у цемры ёсць нейкія адценні. Вельмі цікава было напачатак даведацца, ці вось гэты чалавек, які паводле сучаснікаў і гісторыкаў не адрозніваецца ніякімі станоўчымі рысамі, ці насамрэч ён такі. У выніку, у кантэксце эпохі гэтая постаць, як мне падаецца, выглядае не так адназначна.

Паланафілаў у 20-30-х гадоў сярод дзеячаў беларускага руху было няшмат. Але яны былі, як супрацьвага антыпольскаму руху камуністычнай партыі Заходняе Беларусі, якая фінансавалася Масквой. Прыгадвае ўдзельнік прэзентацыі, аўтар кнігі пра Скідзель, гісторык Сяргей Токць:

Былі ў нацыянальным руху людзі, якія выступалі супраць радыкальных дзеянняў, супраць палітызацыі культурнай працы. Напрыклад КПЗБ праводзіла радыкальную палітыку: ўсюдная барацьба і ніякага кампрамісу, усюды і ўсё выкарыстоўваць дзеля палітычных акцый. А тым жа Скідзелі быў кіраўнік гуртка Таварыства беларускай школы Пётра Сяўрук, малады хлопец, які крытыкаваў такі падыход і лічыў, што калі мы развіваем культурную працу, дык мы павінны менавіта праводзіць культурныя акцыі і не ўмешваць сюды палітыку, асабліва камуністычную ідэалогію.

Некаторыя з удзельнікаў імпрэзы выказалі пытанне: а ці не варта Паўла Аляксюка ўганараваць помнікам, ці назвай адной з гарадзенскіх вуліцаў? На што адказаў аўтар. На думку Андрэя Чарнякевіча павучальны сэнс кнігі не ў гэтым, а ў тым, што беларусы не маюць нацыянальнай салідарнасці ў пераломныя часы сваёй гісторыі.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя