Андрэй Мацук распавёў пра стварэнне манаграфіі пра перыяд бескаралеўя у Рэчы Паспалітай



Дзясяткі беларускіх навуковых даследчыкаў, асабліва гуманітарыяў, з’ехалі апошнім часам з Беларусі. Адных звольнілі з навучальных установаў за нейкія ідэалагічныя правіны. Іншыя не сталі чакаць пакаранняў і самі звольніліся. Цяпер многія з іх знаходзяцца на стажыроўках ва ўніверсітэтах у дзясятках, пераважна еўрапейскіх, краінаў. Гісторык Андрэй Мацук, у знак салідарнасці са звольненымі калегамі, звольніўся з Інстытута Акадэміі Навук, і пачаў працаваць у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, а зараз знаходзіцца на стыпендыі Інстытута гісторыі Польскай Акадэміі навук.

На мінулых выходных ён атрымаў прэмію Кангрэса даследчыкаў Беларусі за манаграфію „Грамадска-палітычнае жыццё Вялікага Княства Літоўскага ў часы бескаралеўя 1733-1735 гадоў”.

„Гэтая кніга напісаная на вялікай колькасці крыніцаў. Ёсць архівы бібліятэк Германіі, Аўстрыі, Расеі, Польшчы, Беларусі, Летувы, Украіны, вельмі шырокае кола крыніцаў. Такога шырокага кола крыніцаў ніколі ў беларускай гісторыяграфіі для апісання часоў менавіта Аўгуста ІІ ці Аўгуста ІІІ не ўводзілася ў навуковае абарачэнне”.

Цікава, што манаграфія Андрэя Мацука была выдадзена летась беларускай Акадэміяй Навук, а на вокладцы кнігі прысутнічаюць і Пагоня, і бел-чырвоны-сцяг.

Беларсукае Радыё Рацыя