Андрэй Ціхаміраў распавёў пра гарадзенскія фотаальбомы 60-80-ых гг.



У гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця прайшла публічная лекцыя гісторыка і культуролага Андрэя Ціхамірава.

Гэта дэбют навукоўца. Прадметам доследаў Ціхамірава сталі фотаальбомы Гародні 60 – 80-ых гадоў мінулага стагоддзя.

– Значная частка гарадзенцаў гэтыя фотаальбомы савецкіх часоў мае ў сябе ў хатах. Я проста ведаю з досведу, у сваіх знаёмых, крэўных, сяброў, што гэтыя фотаальбомы ёсць. Хацеў бы на іх звярнуць увагу перадусім праз прызму новай культурнай гісторыі. Глядзіце, якім чынам у гэтых фотаальбомах была паказана гісторыя горада, сучаснасць горада і моманты, звязаныя з ягоным развіццём, праз прызму савецкай мадэрнізацыі той ці іншай ступені.

Савецкія фотаальбомы Гародні мелі свае мэты, і тут амаль не было месца мінуламу.  Не было месца старой архітэктуры, а асабліва храмам, замкам і палацам.

Кажа гісторык Тацяна Касатая:

– Уся літаратура, якая выпускалася ў савецкі час, яна мела за мэту прадставіць іншы вобраз дзяржавы, іншы вобраз грамадства, іншы вобраз горада, чым чалавек, шараговы грамадзянін, бачыў кожны дзень. Гэта быў нейкі ідэальны горад будучыні, горад сонца, тое, што мы можам убачыць у тых фотаальбомах, якія былі прадстаўлены ў 70-80-ых гадах. Бачна, што гэтыя ўсе альбомы накіраваныя на будучыню. Усё старое затушоўвалася і не прэзентавался так ярка.

Лекцыя суправаджалася дыскусіяй з гарадзенцамі, што памятаюць Гародню, якой яна была 30-40 гадоў таму, калі ствараліся гэтыя фотаальбомы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя