Андрэю Макаёнку – 100



Народнаму пісьменніку Беларусі Андрэю Макаёнку 12 лістапада спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння.

Адно ўпамінанне гэтага імені выклікае шматлікія асацыяцыі, звязаныя з самымі яркімі старонкамі гісторыі пасляваеннай беларускай драматургіі. Так ужо сталася, што менавіта Андрэю Макаёнку часцей за сваіх калег удавалася вырвацца тады з прывычных, наезджаных творчых дарог на цалік наватарскіх пошукаў, найперш у драматургіі.

Андрэй Макаёнак пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы і, вядома ж, п’есы. Вялікую папулярнасць яму прынеслі п’есы “Трыбунал”, “Таблетку пад язык”, “Зацюканы апостал”, “Лявоніха на арбіце”, “Выбачайце, калі ласка”, “Дыхайце эканомна”, “Верачка” і многія іншыя. Ён быў лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі Беларусі. П’есы Андрэя Макаёнка ставіліся на сцэнах многіх тэатраў свету. Тэатр Андрэя Макаёнка – гэта была і засталася з’ява яркая, самабытная, зразумелая і блізкая ва ўсіх кутках нашай Беларусі.

Імя Андрэя Макаёнка прысвоена Гарадзенскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы і Журавіцкай сярэдняй школе Рагачоўскага раёна, у якой створаны музей пісьменніка і дзе ён вучыўся.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя