Андрыс Вітоліньш з індустрыялізацыяй у Віцебску



Наяўнасць у беларускім горадзе консульства, напрыклад, адной з краін Еўразвязу, забяспечвае жыхарам горада, акрамя магчымасці атрымліваць візы, яшчэ як мінімум культурныя мерапрыемствы. Вось і ў Віцебску, дзе ёсць латвійскае консульства, перыядычна адбываюцца прэзентацыі-паказы латвійскага мастацтва. Сёлетні кастрычнік не стаў выключэннем. У Віцебскім мастацкім музеі адкрылася выстава латышскага мастака Андрыса Вітоліньша.

Андрыс Вітоліньш нарадзіўся ў 1975 годзе ў Ліепаі. Латышскі мастак і педагог. Скончыў Латвійскую мастацкую акадэмію, дзе з 2007 года працуе выкладчыкам. Вітоліньш выкарыстоўвае яркія колеру, на яго карцінах намаляваны фабрыкі, гідраэлектрастанцыі, масты, грамадскі транспарт старога часу, мастак як бы рамантызуе індустрыялізацыю мінулага стагоддзя.

Пра свае выставы, якія адбываюцца па ўсім свеце, Андрыс Вітоліньш у адных з інтэрв’ю сказаў:

– Кожная новая праца, кожная выстава падобныя на прыгоды і выклік для мяне – ці магу я зрабіць больш. Вядома, вопыт і назапашаны багаж застаюцца. Я заўсёды лічыў, што жыццё павінна змяніцца, таму што час ідзе наперад, свет змяняецца, і гэта важна для сябе.

У адкрыцці выставы ў Віцебскім мастацкім музеі бралі ўдзел сам мастак, консул Латвійскай Рэспублікі ў горадзе Віцебску Угіс Скуя і віцебскі мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік