Антон Астаповіч: У Наваградку яшчэ шмат працы



Многія помнікі гісторыі і культуры Беларусі патрабуюць тэрміновых ратавальных прац.

Сярод найбольш праблемных старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч называе Наваградскі замак:

– Як паказала апошняя сітуацыя, калі ўзгадаць апоўзень Замкавай гары, дык мусім прызнаць, што Касцельную вежу ўсё ж такі зрабілі нармальна. Шмат хто яе крытыкуе, але я са свайго боку ніколі не крытыкаваў працу, на жаль, ужо нябожчыка Сяргея Аляксандравіча Друшчыца. Падыходы былі вельмі прафесійныя. Гэты катаклізм паказаў, што разлікі і прысыпы былі правільна ўжыты.

Аднак, паводле Антона Астаповіча, на гэтым гістарычным аб’екце яшчэ шмат працы, бо нават тое, што захавалася да нашых дзён – не дагледжана належным чынам:

– Там ёсць праблемная вежа Шчытоўка, калі зняць з яе пасляваенныя наносы, ёсць культурны пласт, а там тое, што я называю бескультурны пласт, калі зняць пасляваенны друз, то абнажацца сцены замка вышынёй да трох метраў. Вось гэтым трэба займацца.

У канцы XIX стагоддзя на тэрыторыю наваградскага замчышча пачалі звозіць з усяго Наваградка смецце, якое пакрыла двухметровым пластам руіны старажытных пабудоў.

„Самы час гэтае смецце прыбраць і навесці на гістарычным аб’екце парадак”, – адзначыў Антон Астаповіч.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя