Анёльскім шляхам да Хрыста



У Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі перад Калядамі распачала працу выстава “Анёльскім шляхам да Хрыста”. На ўнікальнай выставе прадстаўлена больш за сотню прадметаў. Самы старажытны прадмет з выявай анёла паходзіць з ХVII стагоддзя. Тут таксама можна  ўбачыць 7 скульптур анёлаў, створаных у XVII – XVIII стагоддзях.

IMG_2625 1

Гэтыя працы дастаўлены сюды з Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Ёсць у экспазіцыі таксама абраз 1744 года майстра з вёскі Латыгова, што на Віцебшчыне.

Пра асаблівасці экспазіцыі распавядае навуковая супрацоўніца музею Аліна Хамко:

– Кожны год мы стараемся, каб нашая выстава была новай, каб не паўтараліся прадметы. І ў гэтым годзе, акрамя таго, што мы паказваем праваслаўны абраз, каталіцкія гравюры і расказваем, як кожная з традыцый бачыць гэтае свята,  мы яшчэ зрабілі акцэнт на анёлаў. Бо вядома, што першымі ў свеце пра нараджэнне Хрыста даведаліся пастухі. Усе людзі спалі, а яны ноччу вартавалі статак, і ім ноччу з’явіўся анёл.

На экспазіцыі  таксама прадстаўленыя працы 14 гарадзенскіх майстроў, якія выканалі сваіх анёлаў у рознай тэхніцы: з гліны, альбо саломкі, з ільна, ці з бавоўны. Выставу можна пабачыць ў музеі да сярэдзіны лютага.

Беларускае Радыё Рацыя