Арганізатары “Еўрабачання” спадзяюцца, што Беларусь вернецца на конкурс у 2022 годзе



Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) адказаў на прапанову Беларускага фонду культурнай салідарнасці, каб беларускія артысты прынялі ўдзел у конкурсе „Еўрабачанне-2021” у якасці гасцей. У лісце зазначаецца, што праграма шоу ўжо цалкам зацверджаная, у тым ліку, і выступы ўсіх артыстаў у інтэрвал-актах. Арганізатары выказваюць спадзеў, што Беларусь вернецца на „Еўрабачанне” ў 2022-м, калі „сітуацыя ў краіне стабілізуецца”.

З выканаўчым дырэктарам Беларускага фонду культурнай салідарнасці Аляксандарам Чахоўскім мы абмяркоўваем сітуацыю вакол конкурса “Еўрабачанне-2021”.

Аляксандар Чахоўскі: Ад пачатку студзеня мы тым ці іншым чынам намагаліся і ад Еўрапейскага вяшчальнага саюза і ад еўрапейскіх СМІ патлумачыць, што БТ не вартае такога гонару прадстаўляць Беларусь на “Еўрабачанні”. І ў прынцыпе яны самі гэта пацвердзілі, калі выставілі ад краіны гурт „Галасы ЗМеста”. І EBU забаніў выступ гэтага дзіўнага гурта. Мы ў прынцыпе нічога б нават і не прапаноўвалі. Але ёсць шмат фанаў конкурсу ў Беларусі, людзі дасылалі нам лісты, паведамленні ў сацсеткі. Так атрымалася, што ў Беластоку сустрэліся гэтыя пяць чалавек – творчае трыа – NaviBand, VAL і Маргарыта Ляўчук. І ўсё круцілася вакол гэтых пяці чалавек. Мы ў іх запыталіся, і яны былі не супраць. І мы зрабілі такую прапанову, мы не самі гэта прыдумалі, нам людзі падказалі. Бо наш мэсідж, які мы зараз даносім усім, што беларуская культура – гэта мы ўсе. І пратэсты, і гэтая агульная салідарнасць і крэатыў беларускі, які па-новаму праявіўся з мінулага лета, яно арганічнае ў разуменні ўсіх, хто заклапочаны беларускай культурай. Таму мы прапанавалі EBU, каб нашы артысты выступілі ў якасці гасцей. І што мы пакрыем усе выдаткі на іх прыезд і так далей.

Але трэба разумець, што Еўрапейскі вяшчальны саюз вельмі насцярожана ставіцца да палітыкі. Таму мы адмыслова ўзялі вельмі светлую песню. Яна, як кажуць самі прыхільнікі “Еўрабачання”, з сям’і “Еўрабачання”. Гэтую песню спявалі ў мінулым годзе, калі ніхто не прыехаў на конкурс, бо “Еўрабачанне” было адкладзена на год. Гэта песня Love Shine a Light, з якой Вялікабрытанія перамагла на конкурсе ў 1997 годзе. І гэта мусіў быць такі прыгожы музычны жэст салідарнасці з сапраўднымі таленавітымі беларускімі артыстамі. У пятніцу мы даслалі ліст з прапановай. Нам дастаткова хутка адказалі.

РР: Яны напісалі, што нібыта ўжо складзеная праграма. І, падаецца, што гэта такі дастаткова дыпламатычны адказ.

Аляксандар Чахоўскі: Яны ў сваім адказе прыгадалі БТ, што дыскваліфікацыя адбылася за палітычную ангажаванасць і самога гурта і песні першай і другой. Таму што гэта абсалютная бязглуздасць. І чытаўся такі намёк, што яны хвалююцца, але галоўны аргумент, што праграма ўжо складзена. Яны дыпламатычна адказалі, і апошні сказ у гэтым адказе быў, што яны вельмі спадзяюцца, што Беларусь вернецца на „Еўрабачанне”, калі сітуацыя ў краіне зменіцца ў лепшы бок.

Беларускі фонд культурнай салідарнасці звяртаўся да прадзюсараў конкурсу «Еўрабачанне» з прапановай, каб падчас аднаго з інтэрвал-актаў эфіра выступілі ўжо вядомыя для сям’і „Еўрабачання” гурты NaviBand і VAL разам з опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук. Беларусы прапанавалі для выканання песню Love Shine a Light.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускаен Радыё Рацыя

Фота: t.me/by_culture