“Art-S” стварае беларускі каляндар



Шмат хто з беларусаў лічыць, што сёлетні 2017-ы год – год Пеўня. Аднак, арганізатары і ўдзельнікі паэтычнага тэатра “Art-S”, новы сезон якога днямі распачаўся ў сталічнай бібліятэцы імя Цёткі, маюць на гэты конт сваё меркаванне. Гаворыць дырэктар тэатра “Art-S” пісьменніца Аксана Спрынчан.

– Паслянавагодні сезон распачалі нашым 12-гадовым праектам “Святкуйма беларускае”. Сёлета мы адзначаем Год аксамітнага мятліка. Мы развіталіся з Годам чорна-белага бусла. Упершыню гэты праект распачаўся у 2009 годзе Годам багоўкі. Мы спрабуем стварыць свой каляндар, які будзе адрознівацца і адрозніваецца ўжо ад усходняга календара. Бо мне падаецца, беларусам варта мець усё сваё.

У імпрэзах паэтычнага тэатра “Art-S”, якія праходзяць штомесяц, бяруць удзел пісьменнікі, паэты, музыкі. Кожная вечарына прысвечаная асобнай тэме. Імі могуць стаць пэўныя: колер, скажам, зялёны; звяры – вавёрка, воўк; прыродныя з’явы – вецер, маланка… Задача творцаў раскрыць тэму ў сваіх кароткіх выступах.

Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя

Фота art-s.by