Артыстаў з пяці краін збярэ фестываль народнага гумару „Аўцюкі”



Дзявяты рэспубліканскі фестываль народнага гумару „Аўцюкі” пройдзе 13-14 верасня ў Калінкавіцкім раёне.

На сцэнічных пляцоўках сваёй творчасцю парадуюць аматарскія і прафесійныя калектывы з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама артысты з Расеі, Украіны, Малдовы, Балгарыі – усяго больш за 400 удзельнікаў.

У гэтым годзе іскрамётныя жарты будуць гучаць на шматлікіх пляцоўках у розных кропках раёна. Так, у першы дзень свята гумарыстычныя канцэртныя праграмы прадставяць у населеных пунктах Малыя і Вялікія Аўцюкі, Сырод, Даманавічы, Юравічы, Бабровічы, Каплічы. Гасцей і ўдзельнікаў на другі дзень запрашаюць на скрыжаванне паміж Малымі і Вялікімі Аўцюкамі – менавіта тут будзе адкрыты памятны знак „Аўцюкоўскі глобус”.

На цырымоніі адкрыцця правядуць гумарыстычны аўкцыён па продажы зямлі на гэтым глобусе. Атмасфера нястрымнай весялосці будзе панаваць і на галоўнай плошчы ў Калінкавічах. У 13.00 тут адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю, якое пачнецца з шэсця-параду і прывітальнага віншавання творчых дэлегацый. Пасля гэтага чакаюцца творчыя спаборніцтвы ўдзельнікаў-гумарыстаў. Конкурсная праграма прадугледжвае некалькі намінацый: „Тэатр мініяцюр”, „Гумарыстычная песня”, „Гумарыстычны танец”, „Анекдот”, „Прыпеўка”. Плануецца, што журы ўзначаліць беларускі пісьменнік, ганаровы грамадзянін Калінкавіцкага раёна Уладзімір Ліпскі. На фестывалі пройдзе і конкурс прыгажосці (сельскай прастаты) „Міс Аўцюкі-2019”. Пакаштаваць аўцюкоўскую самабытную кухню, ацаніць народную мудрасць, азнаёміцца ​​з рознымі абрадамі запросяць на імправізаваных падворках.

На спартыўнай пляцоўцы „Аўцюкоўскія алiмпiйскiя гульні” прапануюць праверыць сваю сілу, спрытнасць у гумарыстычных гульнях „Аўцюк-скакун”, „Аўцюкоўскі сена-бой”, „Армрэслінг па-аўцюкоўску” і інш. Акрамя таго, у праграме – прэзентацыя турыстычных маршрутаў „Добра там, дзе нас няма”, пляцоўка рамеснікаў, горад майстроў, выстаўка тэхнікі „Аўцюкоўскія драндулеты”, кірмашовыя атракцыёны-жарты, дзіцячая пляцоўка „Аўцюкоўскі ералаш”. Для ўсіх жадаючых арганізуюць і фотаспаборніцтва „Гумар у фармаце сэлфі”, конкурс гумарыстычных відэаролікаў „Дзе мы не былі”. Рызыкнуць можна будзе ў час сельскагаспадарчай латарэі „Злаві поспех”. На галоўнай сцэне пройдуць канцэрты з удзелам творчых калектываў раёнаў Гомельскай вобласці, тэатра гумару „Хрыстафор”, беларускага выканаўцы Сашы Нэма. Завершыць праграму пасля цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў фестывалю феерверк і маладзёжная дыскатэка ад артыстаў прадзюсарскага цэнтра ARTbiz (Гомель).

Пропуск у эпіцэнтр весялосці будзе ажыццяўляцца праз аўцюкоўскую „мытню”. Ад гасцей запатрабуюць арыгінальны анекдот або прыпеўку. Рэспубліканскі фестываль народнага гумару праводзяць Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі аблвыканкам, Калінкавіцкі райвыканкам. Першае свята ў Аўцюках адбылося ў 1995 годзе. Імпульсам для яго правядзення паслужыла выданне кнігі беларускага пісьменніка, ганаровага грамадзяніна Калінкавіцкага раёна Уладзіміра Ліпскага „Аўцюкоўцы”.

belta.by