Арыгіналы работ Напалеона Орды прадстаўлены ў Менску (абноўлена)



Напалеон Орда аднолькава важны для беларускай, польскай, летувіскай і ўкраінскай культур. Выстава ягоных мастацкіх твораў распачалася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Распавядае намеснік дырэктара музея Сяргей Вечар:

– Падзея адбылася вельмі адметная. Да 210-х угодкаў з дня нараджэння Напалеона Орды прыехала выстава з фондаў Нацыянальнага музея ў Кракаве. Безумоўна літаграфіі Напалеона Орды ёсць і ў Беларусі ў некаторых музеях, але прыехала калекцыя менавіта акварэляў і малюнкаў, якія былі першаасновай і з іх ужо потым вырабляліся літаграфіі, цэлыя альбомы, у майстэрні ў Варшаве. На выставе – каляровыя малюнкі, рука майстра.

У цырымоніі адкрыцця выставы браў удзел надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік. На ўрачыстасцях выконвалі музычныя творы мастака і кампазітара Напалеона Орды.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

***

Арыгіналы работ Напалеона Орды з Нацыянальнага музея ў Кракаве прадстаўлены на выставе „Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны” ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Упершыню беларускі глядач зможа ўбачыць такую вялікую колькасць арыгінальных твораў мастака – 110 графічных лістоў. У экспазіцыю ўвайшлі пераважна малюнкі з Гарадзенскай, Менскай, Магілёўскай, Віцебскай і Віленскай тэчак, якія прадстаўляюць архітэктурныя помнікі сучасных тэрыторый Беларусі. Многія з гэтых акварэляў былі літаграфаваны ў вялікім графічным праекце „Альбом гістарычных відаў Польшчы, прысвечаны суайчыннікам”, які Напалеон Орда выдаваў за ўласныя сродкі з 1873 па 1883 год.

Беларускаму гледачу больш знаёмыя менавіта літаграфіі з альбома, але выстава дазволіць убачыць акварэльныя арыгіналы, выкананыя майстрам пры падрыхтоўцы альбома.

Выставу акварэляў і малюнкаў выдатнага дзеяча беларускай і польскай культуры XIX стагоддзя, мастака, кампазітара і піяніста Напалеона Орды Нацыянальны мастацкі музей арганізаваў сумесна з Нацыянальным музеем у Кракаве. Выстава прымеркавана да святкавання 210-й гадавіны з дня нараджэння мастака. Калекцыя акварэляў Напалеона Орды Нацыянальнага музея ў Кракаве з’яўляецца вялікім рэпрэзэнтатыўным зборам, які налічвае 1 тыс. 27 малюнкаў. Большую частку гэтай калекцыі – 977 лістоў – падарыла Кракаўскае музею ў 1886 году Канстанцыя Скірмунт (1851-1934), беларуская публіцыстка і гісторык, якая даводзілася мастаку ўнучатай пляменніцай (яе маці, скульптар Алена Скірмунт, была дачкою ягонай сястры Гартэнзіі).

Напалеон Орда (1807-1883) – піяніст, кампазітар, але перш за ўсё жывапісец і графік. У 1872-1883 гадах ён здзейсніў некалькі дзясяткаў падарожжаў па былых ўсходніх землях Рэчы Паспалітай, галоўным чынам па Беларусі, стварыўшы больш за 1000 малюнкаў.

У яго творчай спадчыне шмат пейзажаў, у якіх знайшлі адлюстраванне месцы, гістарычна і эмацыйна важныя і для палякаў, і для беларусаў. Мастак не абмяжоўваўся толькі сакральнай, рэпрэзентатыўнай архітэктурай або маляўнічымі руінамі, але ўвекавечваў таксама – што на той час было навінкай – прамысловыя аб’екты: фабрыкі, млыны, цукраварні. У сваіх працах творца засяроджваўся на рэалізме прадстаўлення, пільна прытрымліваючыся дакладнасці ў перадачы ўсіх дэталяў. Дзякуючы такім прынцыпам, перш за ўсё дакументальнага характара работ, малюнкі і акварэлі Орды сёння з’яўляюцца каштоўным матэрыялам, які нясе ў сабе адбітак гісторыі зямель, якія калісьці былі адной дзяржавай.

Выстава праводзіцца пры падтрымцы Польскага інстытута ў Менску і пасольства Польшчы ў Беларусі. Яна будзе працаваць па 3 снежня.

belta.by