Асілак, які трымаў на сабе аркестр з 20 чалавек



Чарговы травеньскі нумар “Слонімскага краю” пабачыў свет. Ён вельмі разнастайны і цікавы.

З яго ўпершыню чытачы даведаюцца пра асілка Барыса Францэвіча, які да Другой сусветнай вайны служыў у Слонімскім 80-м польскім пяхотным палку. Гэты асілак, напрыклад, згінаў жалезныя брускі, скручваў іх у выглядзе бранзалета. Мог 40-60 секунд трымаць на сабе аркестр з… 15-20 чалавек. А яшчэ яго пераязджаў легкавы аўтамабіль, у якім сядзелі шэсць чалавек. Свае сілавыя нумары Францэвіч у 1924-1925 гадах паказваў у Народным доме ў Слоніме (цяпер тут месціцца тэатр), а таксама ў Наваградку, Пружанах і Берасце…

Сяргей Ёрш публікуе вялікі артыкул пра слонімцаў, якія хацелі застацца на Захадзе ў першай палове ХХ стагоддзя. Святлана Брайчук распавядае гісторыю пра ўладальнікаў маёнтка Старыя Жыровічы з канца XV стагоддзя да 1939 года. Зацікавіць чытачоў і артыкул пад загалоўкам “Карціна Рэмбранта ці 1,5 кг золата за апельсінавыя саджанцы для слонімскай рэзідэнцыі” і шмат іншых.

Свежы нумар “Слонімскага краю” і ранейшыя нумары чытайце тут.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя