Атмасферу ранняга Сярэднявечча створаць на этнасвяце ў Чавускім раёне



У аграгарадку Радамля Чавускага раёна 17-18 жніўня пройдзе этнасвята „У госці да радзімічаў”.

Арганізатары падрыхтавалі насычаную двухдзённую праграму з тэатралізаванымі дзеяннямі пры ўдзеле клубаў гістарычнай рэканструкцыі „хірд Ваўкі” (Жодзіна) і Vitland (Мінск). Гасцей чакаюць этнатанцы, забаўляльныя праграмы, інтэрактыўныя зоны, майстар-класы, паказальныя баі і кухні радзімічаў. Мясцовыя жыхары прадставяць традыцыйныя рамёствы ў музеі пад адкрытым небам. Плануецца правесці конкурс на лепшую стылізацыю культуры і побыту насельніцтва эпохі ранняга Сярэднявечча „Час старажытнасці”. На выстаўках-продажах можна будзе набыць тэматычныя сувеніры.

Атмасферу свята падтрымаюць выступленні этнапраекта Патрыцыі Свіцінай, магістра мастацтваў, старшага выкладчыка кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталлі Матыліцкай, этнагруп „Хмельны Вір”, „Арацэя”, Yudjin, „Радагасць” і інш. Гледачы таксама ўбачаць вогненнае шоу ад калектыву AGNI show (Віцебск). Хэдлайнерам стане праект Znich & Rutvica.

Паводле адной з гіпотэз, на тэрыторыі, дзе штогод праходзіць этнафестываль, калісьці размяшчалася гарадзішча радзімічаў, а потым на гэтым месцы быў узведзены замак, рэшткі ўмацаванняў якога захаваліся да нашых дзён. Цяпер на пасадзе Замкавай гары створаны музей пад адкрытым небам, куды ўваходзяць збудаванні, пабудаваныя ў стылі эпохі ранняга Сярэднявечча. Тут можна ўбачыць капішча Перуна, комплекс стылізаваных паўзямлянак (у такіх жылі нашы далёкія продкі), прыстасаванне для здабычы жывога агню, печ для абпалу керамічнага посуду.

belta.by

Фота mogilev-region.gov.by