„Бардаўская восень-2017”: першы дзень



Завяршыўся першы дзень 24-га Фестывалю беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні “Бардаўская восень-2017”.

Традыцыйна, самай важнай падзеяй была конкурсная частка. Тут перад публікай ды журы, у складзе якога і легенда “Бардаў” Алесь Камоцкі, – па дзве песні выконвалі ажно 12 канкурсантаў – сольна, у дуэце ды нават трыо.

Анна Бяляўская, Гайнаўскі белліцэй: Вельмі спадабалася песня “Матуля” Зміцера Вайцюшкевіча. Я спярша выбрала яе, а пасля даведалася, што Тодар сядзіць у камісіі.

Эрміна Ластоўская: Я прыехала з Эстоніі. Мае песні, якія я пішу сама, шчырыя. Бо бардаўская песня – гэта песня душы.

Алесь Камоцкі, сябра журы: Я лічу, што гэта фестываль аўтарскай песні. Гэта вельмі цікавая з’ява, і хацелася б больш нейкай душэўнасці і адкрытасці. Галоўнае ў гэтай песні не валоданне інструментам. А вось прастаты, шчырасці бывае што і не стае.

Вынікі конкурснай часткі агучаць сёння ў час чарговага дня фестывалю, які пачнецца ў Бельску-Падляшскім а 18-й гадзіне. Пасля выступу пераможцаў пачуем зорак – мінулагодняга лаўрэата конкурсу Пэрцэпцыю, дуэт Сержука Доўгушава і Аляксандра Ясінскага, Алеся Камоцкага ды NAVI Band.

У пятніцу і суботу ў 18:00 / 20:00 (польскага / беларускага часу) толькі на хвалях 98,1 і 99,2 FM, а таксама ў інтэрнэце жывая трансляцыя з фестывалю „Бардаўская восень-2017”.

 

Зміцер Вайцюшкевіч, Ілона Карпюк, Радаслаў Дамброўскі

Зміцер Вайцюшкевіч & W-Z Orkiestra

Ігар Лукашук і Міхал Анемпадыстаў

Яўген Барышнікаў

Гурт Helios 

Анна Бяляўская

Пасля афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства пачалася конкурсная частка.

„Хвалююся за ўсіх конкурсантаў”, – прызнае Ігар Лукашук са Звязу „Шчыты”:

– Хочацца, каб выступ кожнага атрымаўся так, як гэтага канкурсант жадае, я гэтага жадаю ім. Маем 12-ць выканаўцаў, больш за 20-ць выканаўцаў на сцэне. Вельмі цікавыя канкурсанты, бо апрача таго, што маем удзельнікаў з Беларусі, якія прайшлі адмысловы адбор, які адбыўся ў Менску. Маем таксама ўдзельнікаў з Адэсы і Таліна, а таксама дваіх удзельнікаў з Падляшша, з Беласточчыны, гэта нас арганізатараў Звяз „Шчыты” вельмі цешыць.

Першай на бардаўскай сцэне ў Бельскім дому культуры выступіла Ірміна Ластоўская.

Ірміна Ластоўская

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

* * *

Праграма ХХIV Фестывалю беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні „Бардаўская восень-2017”

 

3 лістапада 2017 г. (пятніца)

18.00 Бельск-Падляшскі – Бельскі Дом Культуры

Адкрыццё фестывалю

Конкурсная частка

Канцэрт зорак:

BosaeSonca

Яўген Барышнікаў

ILO&friends

Зміцер Вайцюшкевіч & W-Z Orkiestra

 

4 лістапада 2017 г. (субота)

18.00 Бельск-Падляшскі – Бельскі Дом Культуры

Канцэрт лаўрэатаў конкурсу

Канцэрт зорак:

Пэрцэпцыя

Дуэт Сержука Доўгушава і Аляксандра Ясінскага

Алесь Камоцкі

NAVI BAND

 

5 лістапада 2017 г. (нядзеля)

15.00 Беласток – Кафэ „Фама”

Канцэрт лаўрэата

Узнагароды Grand Prix

Канцэрт зорак:

Праект «Hostel» Андруся Такінданга і Аляксандра Ясінскага

NAVI BAND

 

Cуправаджальныя мерапрыемствы:

2 лістапада 2017 г. (чацвер)

18.00 Орля – Гмінная публічная бібліятэка

Канцэрт:

Алесь Камоцкі

 

18.00 Нарва – Гмінная публічная бібліятэка

Канцэрт:

Яўген Барышнікаў

 

18.00 Нараўка – Гмінны асяродак культуры

Канцэрт:

Сяржук Доўгушаў

 

6 лістапада 2017 г. (панядзелак)

13.30 Гайнаўка – Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы

Канцэрт / сустрэча:

NAVI BAND

 

18.00 Шчыты-Дзенцялова – Цэнтр адукацыі і прамоцыі беларускай культуры

Канцэрт / сустрэча:

Алесь Камоцкі

 

На ўсе канцэрты ўваход вольны.

* * *

Прайшлі канцэрты-запрашальнікі на «Бардаўскую восень-2017»

У Гміннай публічнай бібліятэцы ў Орлі выступіў Алесь Камоцкі адзін з тых бардаў, што звязаныя з фестывалем беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень» з самога пачатку.

Кажа Алесь Камоцкі:

Я ж пятнаццаць гадоў запар ездзіў сюды, а потым крыху перастаў ездзіць. А цяпер так захацелася, дык я паспрабаваў падаць заяўку на ўдзел у конкурсе, а мне сказалі: не маеш права. То бок, гэта я сказаў, што маю права, а мне сказалі: не выдурняйся. І усё, і прыехаў. Вельмі настальгічная паездка: ёсць, то ўспомніць. Неяк так пакуль душу рве гэта ўсё мне.

Афіцыйнае адкрыццё фестывалю сёння ў Бельскім доме культуры ў 18:00. Пасля – конкурсная частка ды канцэрт Зорак: «Босага Сонца», Яўгена Барышнікава, Ilo&Friends ды Змітра Вайцюшкевіча і W-Z Аркестра.

Алеся Камоцкага будзе можна пачуць ў Бельску Падляшскім у суботу 4 лістапада.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

«Калі восень, дык канешне бардаўская»

З такім стаўленнем лістападаўскую пару вітаюць на Беласточчыне. 24-ы фестываль «Бардаўская восень» з 2 лістапада пачнецца выступамі беларускіх выканаўцаў. У гэты дзень у 18:00 у Гміннай бібліятэцы ў Орлі выступіць Алесь Камоцкі, у Нарве – Яўген Барышнікаў ды ў Нараўцы – Сяргей Доўгушаў. Затым у пятніцу, 3 лістапада, пачнуцца галоўныя падзеі фестывалю, якія пройдуць у Бельскім доме культуры. «Пачнем з конкурснай часткі. На сцэне ўбачым выступоўцаў з Беларусі, Падляшша ды не толькі», – кажа арганізатар «Бардаўскай восені» Ігар Лукашук са Звязу «Шчыты»:

– Будзем мець гасцей з Адэсы. Таксама жартуем, што беларуская мова прагучыць ад мора да мора. Пасля конкурснай часткі – канцэрты зорак: выступіць «Босае сонца», Яўген Барышнікаў,  Ilo & Friends, Зміцер Вайцюшкевіч, WZ-Orkiestra, дуэт Percepcja з Бельска Падляшскага, які ў мінулым годзе атрымаў адну з узнагародаў. Пачуем Сержука Доўгушава і Аляксандра Ясінскага. Прыемна нам будзе пачуць таксама Алеся Камоцкага, якога даўно не мелі магчымасці пачуць у Бельску, а таксама пасля выступіць гурт NAVI.

Таксама ў фестывальную нядзелю, 5-га лістапада, у беластоцкім клубе «Fama» выступяць лаўрэаты конкурснай часткі ды зоркі: гурт «NAVI» і праект Аляксандра Ясінскага ды Андруся Такінданга «Hostel». Больш інфармацыі пра «Бардаўскую восень» можна знайсці на сайце sonca.org. Фестываль фінансуецца Міністэрствам ўнутраных спраў Польшчы, горадам Беластокам ды Маршалкоўскай управай Падляшскага ваяводства.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя