„Басовішча-2017”. Другі дзень



Завершыўся 28-ы Фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2017”.

28-ы Фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча 2017”  ужо гісторыя. Мерапрыемства закончылася ўначы выступам дыджэяў на малой сцэне. У час самога фестывалю зайгралі гурты розных музычных плыняў. Як ацэньвае былая арганізатарка “Басовішча” Ганна Пякарская, фестываль мяняецца разам з гледачамі.

– Гэта больш эксперыментальная музыка. Гэта сапраўды музыка маладой Беларусі. Сюды запрашаюцца папулярныя гурты.

Арцём Лук’яненка, гурт Naviband:

– Тут нашыя сябры. Мы не першы год прыязджаем сюды. Нам вельмі прыемна сустрэцца зноў, зайграць, робім гэта з вялікай радасцю.

Зміцер Сасноўскі, “Стары Ольса”:

– Рокавая беларуская музыка дастаткова развітая. Магчыма ў бок нейкіх густаў сталых наведвальнікаў фэсту змяняецца склад музыкаў. Магчыма і мы таму сюды патрапілі. Сама атмасфера ляснога вудстока мне вельмі падабаецца і настрой.

Некалькі дзясяткаў гуртоў і тысячы гледачоў наведалі пляцоўку ў Барыку. Хедлайнерамі сёлетняга мерапрыемства былі музыкі гурта Naviband.  „Мы прыехалі на Басовішча адпачываць пасля выступу на „Еўрабачанні” ў Кіеве”, – кажа вакалістка гурта Ксенія Жук:

– Выехаць за мяжу – гэта ўжо для беларуса адпачынак, мне так падаецца. Мы трэці год запар сюды прыязджаем, і гэта для нас вялікае шчасце. Мы адпачываем, бо гэты фестываль на прыродзе, у лесе. І гэта атмасфера прыроды натхняе вельмі моцна. Яна падтрымлівае і дапамагае.

Цягам двух дзён фестывалю зайгралі вядомыя гурты ды будучыя зоркі беларускай сцэны. 

Завяршае другі фестывальны дзень „Басовішча” – магілёўскі гурт Akute.

Гурт створаны ў 2008 годзе ў Магілёве былымі ўдзельнікамі гурта «Глюкі» — Стасам Мытнікам (вакал, гітара) і Раманам Жыгаравым (бас-гітара). Пры канцы 2009 году Akute з першай песняй «Адзіноцтва» перамаглі ў гіт-парадзе на Tuzin.fm. Пераможцы «Басовішча-2010», «Верціфэст-2010» (Кіеў), лаўрэаты «Graffiti Open Music Fest — 2010», намінацыі «Рок-прарыў году» на «Рок-Каранацыі-2011», «Героі году» ў 2012 па версіі Tuzin.fm, «Гурт году» ў 2012 на прэміях «Даём рады», Ultra-Music Awards і Rock Profi…

Наступны выканаўца – госць з Украіны – гурт «Вагоновожатые».

  Энэргічныя хлопцы, якія карыстаюцца пераважна бубнамі ды сампламі. Граюць жывую электроніку. Гурт паўстаў у 2013 годзе пры ўдзеле былога фронтмэна днепрапятроўскага гурта «І сябар мой грузавік» Антона Слепакова і гітарыста Валянціна Панюты, раней вядомага па харкаўскай камандзе «Lюк».   Ноч на „Басовішчы” гледачы будуць сустракаць з гуртом Naviband.

Гурт утворана ў 2013 годзе як дуэт „Navi” у складзе Арцём Лук’яненка (Tim Erna, КРИСТИNА), Ксенія Жук (Sonika). Пераможца онлайн-конкурсу на «Найлепшы кліп», які быў зладжаны фэстывалем «Залаты голас» (Расея). Пераможцы ў намінацыі „Кліп году” на прэміі „Героі году-2014”, пераможцы фестывалю „Басовішча-2015”, пераможцы конкурсу „Засьпявай 2.0” (2015). З 2016 году выступаюць з жывым складам пад назваю Naviband. Сёлета прадстаўлялі Беларусь на Еўрабачанні.

Чарговы выканаўца прадстаўляе Польшчу – гурт Łona, Webber&The Pimps.

Музычныя крытыкі акрэсліваюць іхні жанр як ’’інтэлігэнцкі рэп’’. Сваімі тэкстамі гурт аб’ядноўвае розныя пакаленні слухачоў. У Польшчы выступаюць на вялікіх фестывалях, такіх, як Open’er Festival.

Наступны выканаўца – гурт Vuraj.

Заснаваны ў 2010 удзельнікамі гурту Fratrez. Эксперыментуе з аўтэнтычным спеўным матэрыялам, ствараючы новыя творы адмысловага гучання. Удзельнік шэрагу фэстаў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Расеі: „Пустые холмы-2010”, „Басовішча-2011″,”Камяніца-2012”, „Країна Мрій-2013” ды інш. Першы cтудыйны альбом „Rajok” (2014) выдаў на лэйлбле „Наш фармат” (Украіна).

Наступны сэт за гуртом Stary Olsa.

Гурт утвораны ў 1999 у Гомелі з ініцыятывы Змітра Сасноўскага, неўзабаве пераехаў у Менск. Выконвае свецкую, папулярную побытавую музыку сярэднявечча, а таксама аўтарскія стылізаваныя творы. Шмат у чым дзякуючы ім у Беларусі з’явілася мода на сярэднявечча і паўсталі дзясяткі калектываў, якія працуюць з такой музыкай. Узнагароды: „Рок-Карона-2002” у намінацыі „Традыцыі і сучаснасць”, 1-ае месца ў катэгорыі „Фольк-рэлізы” на цырымоніі „Містэрыя гуку” (2005). Мае 11 выдадзеных дыскаў і 6 відэакліпаў.

Працягваецца канцэрт. Наступны калектыў, які ўздымаецца на сцэну, – гурт Manietny Dvor.

Гэта польска-беларускі музычны праект, інспіраваны легендамі шляхціца Завальні, героя твораў Яна Баршчэўскага. Калектыў малады досведам, але адметны тэкстамі.

На пачатку другога канцэртнага дня фестывалю традыцыйна журы абвесціла пераможцу Конкурса маладых гуртоў. Пераможцам названы гурт Teleport. Зараз ён яшчэ раз выступае на сцэне фестывалю.

У Гарадку працягваецца «Басовішча-2017». Пачаўся другі дзень Фестывалю музыкі маладой Беларусі.

У межах фестывалю прайшла Беларуская Інтэлектуальная Гульня ў форме пытанняў, якія датычылі беларускай культуры ды гісторыі, а таксама і самога БАСовішча. Гульню ладзілі маладыя людзі з Беларусі, якія на сваіх мерапрыемствах збіраюць па 200 асобаў.

Чаго чакаць ад другога дня «Басовішча»? Працуе зона «БАСмежжа». Канцэртная частка пачнецца а 19.30 беларускага часу. Сёння даведаемся, хто ж стаў пераможцам конкурснай часткі. Пасля выступяць такія беларускія гурты, як «Стары Ольса», «Vuraj», «Akute», «Naviband».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Максіма Хлябца і Аляксея Трубкіна.