Беларусь рыхтуецца да Еўрабачання 2017



Сёлета ў Кіеў на Еўрабачання 2017 паедзе гурт «Naviband» з беларускамоўнай кампазіцыяй «Гісторыя майго жыцця». Аўтар песні — Арцём Лук’яненка. І гэта ўпершыню, калі падчас нацыянальнага адбору на міжнародны конкурс перамагла песня на роднай мове. Ці варта на еўрапейскім песенным конкурсе спяваць па-беларуску? „Адназначна, так,” – кажа кіраўнік партала tuzin.fm, музычны журналіст і прадзюсар Сяргей Будкін:

– Беларусам па-ангельску, у прынцыпе, спяваць наогул, мне здаецца, даволі дзіўна, бо гэта іх няродная мова, больш таго, не мова гэтай прасторы. Калі спяваць па-ангельску, то гэта ў любым разе выглядае не шчыра і штучна. Таму натуральна трэба ставіць на сваёй, тым больш мы бачым прыклады таго, што песня Navi ужо зацікавіла нейкіх замежных слухачоў. Бачу, што аматары Еўрабачання Navi ўжо ставяць у лік фаварытаў. 

Кіраўнік партала tuzin.fm Сяргей Будкін кажа, што ўжо 12 гадоў адмаўляецца каментаваць Еўрабачанне, бо конкурс таго не варты. Нашаму радыё ён зрабіў выключэнне, бо перакананы, што перамога беларускамоўнай песні «Гісторыя майго жыцця» – гэта своеасаблівы прарыў, які можа паўплываць і на развіцце нацыянальнай музычнай сферы:

– Тут ёсць падставы развязаць гэтае маўчанне, бо сапраўды адбылася падзея, якая відавочна пойдзе на карысць сапраўднай беларускай музыцы. 12 год на Тузіне я пра гэта не пішу. Падтрымалі ў свой час „Аляксандра і Кастанціна”, пры чым сур’ёзна падтрымалі, затым было расчараванне, бо гэты конкурс нічога не варты ў плане творчым. У плане музычным тое, што адбывался менавіта з удзелам Беларусі, не вартае нават размоваў, ні тое што аналізу нейкага грунтоўнага, ці нечага яшчэ.

Еўрабачанне 2017 пройдзе ў траўні ў Кіеве, бо ў мінулым годзе перамагла ўкраінская спявачка Джамала. Падрыхтоўкай беларускага ўдзельніка да міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2017» займаецца Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2017» у Кіеве гурт Naviband выступіць 11 траўня ў другой частцы другога паўфіналу.

Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, лёсаванне размеркавання краін-удзельніц па двух паўфіналах конкурсу прайшло 31 студзеня.

Усяго ў гэтым годзе ў конкурсе возьме ўдзел 43 краіны. Вызначана, што ў першым паўфінале 9 траўня выступяць 18 краін, у другім 11 траўня — 19.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя