„Беларусьфільм” экранізуе прыгодніцкі раман Людмілы Рублеўскай



Нацыянальная кінастудыя „Беларусьфільм” экранізуе прыгодніцкі раман беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай „Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча”, паведаміў на прэс-канферэнцыі 11 чэрвеня ў Мінску генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі.

„Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча” — трэцяя кніга Рублеўскай з цыкла гісторыка-прыгодніцкіх фэнтэзійных гісторый пра маладога шляхціца Пранціша Вырвіча ў антуражы XVIII стагоддзя. Рабочы варыянт назвы фільма супадае з агульным найменнем кніжнай серыі — „Авантуры Пранціша Вырвіча”.

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам фільма выступіць Аляксандр Анісімаў, аўтарам сцэнарыя — Валянцін Залужны. Пачаць здымкі плануецца ў верасні гэтага года. Гендырэктар кінастудыі не змог адказаць, якой будзе арыгінальная мова фільма, выказаўшы меркаванне, што будзе падрыхтавана дзве версіі — беларускамоўная і рускамоўная.

„Мы спадзяемся атрымаць цікавую прыгодніцкую тэлевізійную гісторыю з магчымым працягам. У Людмілы Рублеўскай жа не адна, а пяць кніг пра Вырвіча. Мяне, вядома, могуць крытыкаваць нашы калегі, але я хацеў бы даць шанец нашаму кіно ў гэтым жанры”, — сказаў ён .

Карачэўскі таксама паведаміў, што ў жніўні стартуюць здымкі нацыянальнага кінапраекта, заснаванага на біяграфіі класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Сцэнарый напісала Алена Калюнова, рэжысёрам выступіць Уладзімір Янкоўскі.

„Гэта біяграфічны фільм пра жыццё і творчасць Янкі Купалы, — адзначыў кіраўнік „Беларусьфільма”. — Мы мяркуем зрабіць яго не толькі для ўнутранага рынку з улікам таго, што фігура Янкі Купалы вядомая не толькі ў нашай краіне. Як вы ведаеце, жыццё Купалы абарвалася ў Маскве. Мы не адказваем на пытанне, чаму ён загінуў, мы гаворым пра яго жыццё”.

„Мы пастараемся зрабіць фільм максімальна аўтэнтычным — дзеянні будуць адбывацца на тэрыторыі Польшчы, Расеі, Беларусі, дыялогі будуць весціся на мовах канкрэтнай мясцовасці — на польскай, беларускай, рускай. Мы плануем, што пракат будзе не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі”, — дадаў ён.

Карачэўскі паведаміў, што кінастудыя плануе выпусціць поўнаметражны фільм і яго чатырохсерыйную тэлевізійную версію.

belapan.by