Беларускі гурт з Прагі гастралюе па радзіме



Беларускае «The Unlimited Trio», што базуецца ў Чэхіі, выдала другі альбом і ладзіць тур па Беларусі. Гаворыць баяніст Алесь Ясінскі.

—Альбом адрозніваецца ад папярэдняга перш за ўсё тым, што мы больш вызначыліся з нашым стылем. Усё ж такі нам хацелася стварыць больш драйвавы, энергічны і такі, жывы альбом. Па-другое, альбом адрозніваецца гукам. Я сам займаўся запісам і звядзеннем альбома, і ў прынцыпе, гук атрымаўся прыстойны і мы задаволеныя тым вынікам, які маем.

Альбом «Falling Into Light» пакуль можна набыць толькі на канцэртах трыё, выкладваць яго ў сеціва музыкі не спяшаюцца. Тым часам, канцэрты ў падтрымку рэліза ўжо прайшлі ў Чэхіі ды Нямеччыне, а таксама ў беларускіх гарадох – Наваполацку й Магілеве.

—Па шчырасці, калі дамаўляешся на месцах, дык людзі крыху круцяць носам і кажуць: «Ай, у вас музыка спецыфічная, а ў нас людзі звыклыя крыху да іншага. Дзе мы знойдзем публіку?». І так далей. А калі мы ўжо прыязджаем на месца і граем канцэрт, дык ніхто не сыходзіць расчараваны і рабіць пасля ў гэтым месцы наступны канцэрт ўжо прасцей.

Бліжэйшыя выступы «The Unlimited Trio» адбудуцца 29 кастрычніка ў Менску, 31-га — ў Жодзіне, 2-га лістапада — ў Пінску, 5-га ў Віцебску, а 6-га трыё ізноў выступіць у Менску на кінафестывалі «Лістапад».

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: скрын з youtube