Беларускае і якаснае – шануем і развіваем сваё!



У чэрвені сябры абласной філіі асветніцкага грамадскага аб’яднання „Фонд імя Льва Сапегі” пачалі новы культурна-асветніцкі праект у рамках агульнабеларускай кампаніі „Зробім лепш”. Назва новага кірунку працы сапегаўцаў „Выбіраем беларускае – захоўваем традыцыі і дабрабыт”.

Пра сутнасць новай ідэі і яе рэалізацыю расказвае кіраўнік абласнога аддзялення „Фонд імя Льва Сапегі” Уладзімір Хільмановіч.

Разам з аднадумцамі з ТБМ мы прыдумалі стварыць у сацыяльных сетках адмысловыя старонкі, на якіх плануецца рэкламаваць і прапагандаваць усё беларускае. У кожнай краіне ўсё грунтуецца на любові і павазе да свайго. Гэта тая кропка адліку, якая дазваляе развівацца і культуры і эканоміцы і многім іншым сферам.

Хто будзе асноўным адрасатам вашага новага праекту?

Гэтая праца скіраваная найперш на падтрымку дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, творчых крэатыўных людзей Гарадзеншчыны. Спадзяюся, што ў ім возьмуць удзел рэгіянальныя журналісты, грамадска актыўныя людзі, прадпрымальнікі, мастакі, народныя майстры і рамеснікі. Мы прадугледжваем масавы ўдзел актыўных людзей, але не плануецца масавых публічных мерапрыемстваў. Бальшыня запланаваных дзеянняў будзе адбывацца дыстанцыйна, пераважна праз камунікацыю ў інтэрнэтавай прасторы.

Што канкрэтна будзе рабіцца?

Мы ствараем новую інтэрнатавую пляцоўку праз закладанне новых старонак у папулярных сацыяльных сетках – Facebook, вКонтакте, Одноклассники. Гэтая старонкі маюць назву „Беларускае і якаснае”. Усім ахвотным прапаноўваем далучацца да суполак, дасылаць і выстаўляць самым фотаздымкі, якія на беларускай мове рэкламуюць беларускія культурныя каштоўнасці, адметнасці, але не толькі іх. Мы хочам рабіць актыўную прамоцыю тавараў і паслугаў прадпрымальнікаў, якія апынуліся ў крызісе з-за пандэміі ковіду і па іншых прычынах. Таму будзем рэкламаваць па-беларуску іх тавары – такі віртуальны дадатковы маркетынг. Дапаможам таксама ў стварэнні новай рэкламы па-беларуску. Зараз праца будзе ісці цягам бліжэйшых месяцаў, але спадзяемся, што яна стане доўгатэрміновай і што ў гэтым праекце знойдзецца шмат валанцёраў, якія дапамогуць у прамоцыі ўсяго беларускага. Таму выбіраем Беларускае і якаснае і думаем пра развіццё нашага рэгіёну!

Беларускае Радыё Рацыя