Беларуская кнігарня ў Зэльве



Другі раз на зэльвенскім свяце “Ганненскі кірмаш” сябры Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў арганізавалі гандаль беларускімі кнігамі. Сваю кнігарню яны назвалі “Кнігі нашых землякоў”.

На суд зэльвенцаў і гасцей пасёлка свае творы выставілі пісьменнікі Валянцін Дубатоўка, Міхась Скобла, Сяргей Чыгрын, Юрка Голуб, Алена Таболіч і іншыя літаратары. Сярод новых кніг зэльвенцы змаглі сабе набыць такія выданні, як “Гісторыя Сапегаў”, “Выспятак ад Скарыны” Міхася Скоблы, “Чужы” Валянціна Дубатоўкі, “Час спагадлівым не бывае” Сяргея Чыгрына, факсімільнае выданне зборніка “Ад родных ніў” Ларысы Геніюш і многія іншыя. Дзясяткі людзей падыходзілі да пісьменнікаў, каб набыць сабе кнігі, атрымаць аўтографы і проста пагутарыць з цікавымі людзьмі. Многія пыталіся, чаму рэдка прыязджаюць пісьменнікі на Зэльвеншчыну, прасілі прыехаць да іх выступіць у Цэнтры культуры, у школах, дзе даўно не выступалі таленавітыя людзі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Аўтары кніг пакідалі свае аўтографы, адказвалі на шматлікія пытанні зэльвенцаў.

А людзей даўно хвалюе пытанне: чаму ў Зэльве шмат гадоў адсутнічае кнігарня? Дзе можна купіць такія кнігі ў Зэльве, Мастах, Ваўкавыску, Дзятлаве, іншых райцэнтрах вобласці? Многія зэльвенцы і госці пасёлка фатаграфаваліся на памяць з літаратарамі, мянялі розныя вырабы на кнігі і проста абдымалі іх і цалавалі, бо, сапраўды, Зэльва ў сябе даўно не бачыла сапраўднай цікавай беларускай кнігі. 

Аксана Фок, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара