Беларуская вясна ў Таронта 2018



Дзіцячы фестываль “Беларуская вясна’ 2018” адбыўся 5 траўня ў Беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры ў Таронта.

Праграма фестывалю традыцыйна змяшчала дзве асноўныя часткі: дзіцячы канцэрт і абрад гукання вясны з фольк-гуртом “Яваровы людзі”.

Нашыя госці 2018 году – Украінскі танцавальны калектыў “Desna” (дзіцячая група) станчылі “Гапак” і “Закарпацкі танец”. Рада Зінчук і дуэт Даніэлы й Анэты Радчанка з Star School Academy пад кіраўніцтвам Маргарыты Рамко прадэманстравалі свае спеўныя таленты.

У канцэрце прымалі ўдзел беларускі дзяцячы гурт “Яваровы дзеці” (мастацкі кіраўнік Віялета Кавалёва), а таксама былі і сольныя выступы Сафіі Ліўшыц, Кацярыны Музыкі, Сафіі Кот, Улляны і Марыі Палітыкі. Танчылі на фэсце Зміцер Гайсёнак і Лаура Кветнеўска (бальныя танцы), блізняткі Паўліна і Міхаліна Канаплянікі (стэп і джаз -танцы). Браты Жвалікоўскія гралі на кейбордзе.

Дзіцячы клуб “Размова” пад кіраўніцтвам Кацярыны Віктаровіч зладзілі майстар-клас па вырабу традыцыйных веснавых папяровых птушак, якіх затым дзеткі развешвалі на квітнеючае дрэва, імітуючы сапраўдных птушак, каб паскорыць надыход вясны.

Марыя Зібніцкая рабіла дзеткам цудоўныя размалёўкі твараў і рук. Попытам карысталіся і беларускія ўзоры.

Пасля канцэрту ўдзельнікі фэсту разам з гуртом “Яваровы людзі” вадзілі вясновыя карагоды і гулялі ў беларускія народныя гульні.

Беларуская кухня была прадстаўлена дранікамі, дзерунамі з мясам, блінцамі, у тым ліку блінцамі з мясам і тварагом, салёнымі агуркамі, печанай бульбай з хатняй каўбаскай, квашанай капусткай, бутэрбродамі з салам, аўсяным кісялём, дэсертам “Мазуркай Крохкай” і журавінавым морсам.

Спонсары атрымалі кубкі з гербам Пагоня, напоўненыя беларускімі цукеркамі, а выступоўцы значкі з Пагоняй ці бірулькі “Беларусь”ад Symbal.by.

Ірына Тоўсцік, валанцёр “Беларускай Вясны ў Таронта” 2018:

– Гэта наш 2-гі штогадовы дзіцячы фэст “Беларуская вясна ў Таронта”. З годнасцю можам адзначыць, што наш фэст прыстойна расквітнеў у гэтым годзе, дзякуючы спонсарскай, партнёрскай і валанторскай падтрымцы. Фэст сабраў шмат прыхільнікаў, удзельнікаў і гасцей. Мы ганарымся нашымі таленавітымі дзеткамі і хочам, каб у іх была пляцоўка для выступаў, каб яны маглі дакрануцца да сваёй культуры і да іншых культур, абмяняцца вопытам і традыцыямі. А таксама наш фэст – добрая нагода пазнаёміць канадыйцаў з беларускай культурай.

Беларуская вясна ў Таронта – не толькі выдатная пляцоўка для нашых таленавітых дзетак, але таксама выдатная магчымасць

  • пазнаёміцца з новымі сем’ямі, іншымі культурамі,
  • павадзіць веснавыя карагоды,
  • пакаштаваць беларускія стравы,
  • паўдзельнічаць у майстар-класе па майстраванні папяровых птушак,
  • ды проста цудоўна правесці час у добрай кампаніі!

Арганізатары фэсту:  Згуртаванне Беларусаў Канады ды Царква св.Кірылы Тураўскага ў Таронта

 Нашыя партнэры: Фольк-гурт “Яваровы людзі”, Дзіцячы клюб “Размова”, Арт-гасцёўня “На покуці”, Дызайнерская студыя “NUMZ Graphics”

 Нашыя спонсары: Transam Carriers Inc., Івонка Сурвіла і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Павел Бягун, Зінаіда Гімпелевіч, Павел Малышэўскі.