Беларускі альбом ад Мілы Ражковай у Гародні



У зале пры гарадзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы адбыўся першы ў гісторыі Гародні канцэрт спявачкі з Масквы Мілы Ражковай з беларускім альбомам. Песьні для альбому пераклала гарадзенская пісьменніца Альжбета Кеда.

Пра асаблівасці свайго беларускага альбому распавядае Міла Ражкова:

– Калі я прыехала ў Гародню, мне вельмі спадабалася пявучасць гэтай мовы. Мне захацелася, каб мае песні прагучалі і былі зразумелыя. Нейкія новыя фарбы заззялі. У нас вельмі плённая супраца з Альжбетай Кедай.

Для перакладчыцы песень Альжбеты Кеды выступ Мілы Ражковай быў вельмі кранальным:

– Спявачка з Масквы Міла Ражкова незвычайна таленавітая асоба. І я думаю, тыя, хто прыйшоў на канцэрт, у гэтым упэўніліся. Дыяпазон яе голаса багаты, вельмі разнастайны, шыкоўны  тэмбр. Яна ўсіх зачаравала не толькі беларускім альбомам. Для мяне, канешне, гэта вельмі цікава.  Як шыкоўна гучаў “Паланез Агінскага” , як прыгожа гучалі ўкраінскія і рускія народныя песьні.

Выступ Мілы Ражковай сабраў амаль паўсотні слухачоў,  сярод якіх былі сябры гарадзенскай філіі Саюзу Беларускіх пісьменнікаў і навучэнцы гарадзенскага Універсітэту Залатога Веку.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня