Беларускі душпастыр, што ішоў Божым шляхам



11 сакавіка – 110 гадоў з дня нараджэння Льва Гарошкі.

Грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, даследчык гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуролаг, літаратар Леў Гарошка нарадзіўся 11 сакавіка 1911 года ў вёсцы Трашчычы (цяпер Карэліцкі раён).

Бацькі аддалі здольнага хлопчыка ў Наваградскую беларускую гімназію, многія навучэнцы якой сталі адданымі прыхільнікамі беларускай справы. У сям’і яшчэ жылі традыцыі Беларускай грэка-каталіцкай царквы, забароненай Расейскай імперыяй у 1837 годзе. Верагодна, што менавіта гэтым кіраваўся юнак, калі паступіў у 1931 годзе ў Львоўскую грэка-каталіцкую багаслоўскую акадэмію. Дапамаглі Льву Гарошку ў паступленні дырэктар Наваградскай гімназіі Ян Цеханоўскі і дырэктар беларускага музея ў Вільні Антон Луцкевіч – былы прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі. Потым было яшчэ навучанне ў каталіцкім Багаслоўскім інстытуце ў Інсбруку ў Аўстрыі, дзе за свае акадэмічныя поспехі Леў Гарошка атрымаў стыпендыю грэка-каталіцкага Мітрапаліта Львоўскага вялебнага Андрэя Шаптыцкага. 17 кастрычніка 1937 года Леў Гарошка атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук украінскага грэка-каталіцкага епіскапа Мікіты Будкі ў прыватнай капліцы Мітрапаліта Шаптыцкага ў Львове.

Першую Боскую літургію на Бацькаўшчыне святар адслужыў у грэка-каталіцкай парафіі Дзяляцічы на роднай Наваградчыне, дзе тады працаваў а. Вячаслаў Аношка. Потым служыў на Палессі ў Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі – у парафіях ва Угрынічах, Гарадной (Столінскі раён), Стоўбцах, Збуражы (Маларыцкі раён). Пераследаваўся за сваю душпастырскую і нацыянальна-асветніцкую дзейнасць польскімі ўладамі, пастаянна знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

Пасля стварэння ў 1939 годзе Беларускага Экзархату ГКЦ і прызначэння ў кастрычніку 1940 года а. Антона Неманцэвіча першым у XX стагоддзі беларускім грэка-каталіцкім экзархам, а. Леў Гарошка 2 мая 1942 года быў абраны ў Раду экзархату і стаў віцэ-экзархам. Акрамя духоўнай працы, а. Леў, які ўвесь час вучыўся сам, знаходзіў час для таго, каб дапамагаць суайчыннікам нават падчас вайны – працаваў на настаўніцкіх курсах, быў выкладчыкам беларускай і лацінскай моў у розных навучальных установах, працаваў у рэдакцыях беларускіх газет.

У 1944 годзе а. Леў Гарошка апынуўся ў эміграцыі, дзе стаў духоўным айцом для беларусаў на чужыне і прадстаўніком Беларусі ў Рыме, дапамагаў беларусам, якія служылі ў польскай арміі генерала Андэрса. У 1946 годзе ён падрыхтаваў і выдаў малітоўнік “Божым шляхам”, які дагэтуль выкарыстоўваецца многімі беларусамі і шмат разоў перавыдаваўся. Актыўна збіраў сродкі на выданне газеты „Беларускія навіны” (выдавалася ў Парыжы шматтысячным накладам і рассылалася суродзічам па ўсім свеце – ад Скандынавіі да Афрыкі і Амерыкі).

Леў Гарошка (сядзіць другі злева) на сустрэчы Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб’яднання „Рунь” у Рыме

Айцец Леў Гарошка далей служыў беларускім вернікам у Францыі і Брытаніі, не мог толькі патрапіць у Беларусь, аднак кіраваў беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё ў 1970-1977 гадах. У гэты перыяд вяшчанне радыёстанцыі на беларускай мове павялічылася да пяці разоў на тыдзень па 14 хвілін. Акрамя непасрэдна ватыканскіх навін, айцец Гарошка рабіў ухіл на апалагетычную і беларускую нацыянальную тэматыку.

Жывучы ў Парыжы а. Леў Гарошка ў 1947-1957 гадах рэдагаваў і выдаваў беларускі рэлігійна-грамадскі часопіс „Божым шляхам”. Затым выехаў у Рым, дзе ў 1959 годзе ўступіў у навіцыят айцоў-марыянаў. У 1960 годзе разам з біскупам Чэславам Сіповічам быў накіраваны ў Лондан і прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі. У 1962-1969 гадах быў ігуменам манаскага дому айцоў-марыянаў у Лондане. У 1965 годзе атрымаў годнасць архімандрыта. Браў актыўны ўдзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа, з’яўляўся сябрам лонданскага аддзела Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі.

Леў Гарошка, Аляксандр Надсан, Ян Дамінік, 1970-ыя гады

Леў Гарошка выдаў дзясяткі кніжак і навуковых прац у самых розных галінах, склаў грэцка-лацінска-царкоўнаславянска-беларускі слоўнік, слоўнік беларускіх прыказак ды прымавак, які ахоплівае больш за 20 тысяч адзінак.

Архімандрыт Леў Гарошка пераканаў Усходнюю Кангрэгацыю, што энцыкліка папы Пія ХІІ Orientalis omnes з нагоды 350-х угодкаў Берасцейскай уніі павінна быць выдадзеная і на беларускай мове, а лацінскае слова “Rutheni” ў ёй перакладзенае, як беларусы і ўкраінцы, што стала важным момантам для таго, каб назва Беларусь пачала заваёўваць належнае яму месца ў дакументах Каталіцкай Царквы.

Памёр Леў Гарошка ў Парыжы 28 ліпеня 1977 года. Пахаваны на могілках Сэн-Панкрас у Лондане.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя