Беларускі этна-джаз з Познані рыхтуе прэм’еру ў Менску



Дзяўчына з Берасця сабрала гурт у Познані, запісала альбом у Судэтах і рыхтуецца прэзентаваць дыск у Менску.

Ульяна Гэдзік атрымала пачатковую музычную адукацыю ў Беларусі, але працягнула яе ў Польшчы. Стала бакалаўрам дырыгентуры ў Гданьску ды магістрам джазавага вакалу ў Познані, дзе цяпер і жыве. Квінтэт «Ульяніца» стаўся ейнай магістэрскай працай. Гурт існуе меней за 2 гады. Пара музыкаў мае падляшскае паходжанне, адзін украінскае. Таксама з «Ульяніцай» супрацоўнічае беларускі дудар і літаратар Віталь Воранаў.

Дэбютны альбом «Вясна», складзены з джазавых апрацовак палескіх спеваў, ужо атрымаў станоўчыя водгукі ад беларускіх і польскіх экспертаў.

Ульяна Гэдзік чакае на прэм’еру праграмы ў Менску.

Спадзяюся, што выйдзе вельмі хутка і ў Беларусь завітаць з гэтай праграмай і падзяліцца з роднай публікай. Гурт таксама зацікаўлены. Можа на вясну ўдасца нешта арганізаваць, трэба крыху цярпення і праз некалькі месяцаў можа спаткаемся у Беларусі. Я сама не магу дачакацца.

Ульяна Гэдзік не толькі спявае, грае на скрыпцы і фартэпіяна, але і з’яўляецца асноўнай аўтаркай аранжыровак для «Ульяніцы». Дарэчы, ейная старэйшая сястра Хрысціна таксама ёсць джазавай спявачкай і жыве ў Гданьску.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя