Беларускі мастацкі дэсант у Сопаце



У Дзяржаўнай галерэі мастацтваў у Сопаце (Польшча) адкрылася выстава гарадзенскіх мастакоў „Бурштынавы шлях. Сільвановіч і сябры”. 

Сем мастакоў паказалі ўзор беларускага мастацтва польскім аматарам прыгажосці.

Аляксандр Сільвановіч гэтак характарызуе групу мастакоў, якія з’яўляюцца ўжо трэцім творчым дэсантам у абмене паміж Сопатам і Гародняй:

– Я кіраваўся тым, каб найбольш шырока паказць увесь спектр сучаснага беларускага мастацтва. Там і жывапіс, і графіка, і кіраміка. Напрыклад, жывапіс акрамя мяне, гэта вельмі вядомы мастак Сяргей Грыневіч з Гародні, Аляксандр Забаўчык з Менску, таксама мой добры сябар з Друскенік Саўлюс Рузікас. Вельмі выбітныя майстры сваёй справы, гэта графікі Юрый Якавенка з Гародні і Павел Татарнікаў з Менску.

Кераміку прадставіў Яўген Адзіночанка – вядомы ў Гародні пластык.

Выстава ў Сопаце будзе адкрыта да 7-га студзеня 2018 года.

Беларускае Радыё Рацыя