Беларускі паэт з Украіны наладзіў сустрэчу ў Лоеве



Вельмі мала мы ведаем, як жыве, напрыклад, сёння беларуская літаратурная глыбінка. Што пішуць і выдаюць творчыя людзі з райцэнтраў, асабліва старэйшыя літаратары? Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Васіль Філіпенка, які рода з Лоеўшчыны, але шмат гадоў жыве ў Лубнах на Палтаўшчыне (Украіна), наведаў родны горад Лоеў. Падчас сустрэчы з землякамі, ён наладзіў літаратурную сустрэчу ў Лоеўскай раённай бібліятэцы са старэйшымі літаратарамі лоеўскай зямлі. У сустрэчы прынялі ўдзел бібліятэкары Лоева, а таксама літаратары-землякі. Сярод якіх быў Алесь Кукара. Ён піша вершы на роднай мове, выдаў некалькі паэтычных зборнікаў. На сустрэчы прысутнічаў Іван Лямешка, які піша вершы, пародыі і сяброўскія шаржы. Шмат друкуецца ў мясцовым друку. Захапіў сваімі вершамі і Мікола Мельнічэнка, які займаецца не толькі літаратурай, але і журналістыкай.

Васіль Філіпенка, Алесь Кукара, Іван Лямешка і Мікола Мельнічэнка абмеркавалі праблемы літаратурнага жыцця Лоеўшчыны, намецілі шэраг сумесных мерапрыемстваў на сваёй маленькай радзіме, расказалі пра творчыя здабыткі і абмяняліся сваімі новымі кнігамі.

  Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Лоеў.