Беларускі ПЭН-цэнтр скалануў скандал



Літаратары Алесь Аркуш і Вінцэсь Мудроў заявілі пра свой выхад з Беларускага ПЭН-цэнтру.

Паводле Алеся Аркуша знаходзіцца ў складзе гэтай арганізацыі, значыць „даваць магчымасць яго кіраўніцтву рабіць усё што заўгодна”, бо „з сябрамі арганізацыі ніхто не раіцца”, ніхто не цікавіцца іх меркаваннем па тым ці іншым пытанні. І апошняй кропкай была заява ПЭН-цэнтру пра дыскрымінацыю расейскамоўных пісьменнікаў:

– Проста абсурдна казаць у Беларусі, што расейскамоўных пісьменнікаў неяк дыскрымінуюць. Бо як дыскрымінуюць беларускамоўных пісьменнікаў, то гэта непараўнальна, калі немагчыма зарэгістраваць выдавецтва, калі закрываюцца кнігарні, калі немагчыма прабіцца ў “Белкнігу” і “Белсаюздрук”, каб там прадаваліся твае кніжкі. Калі проста маргіналізавалася ўвогуле літаратурнае жыццё ў гэтай краіне. А іншай краіны для беларускамоўных літаратараў няма. І ў гэты час казаць, што мусім падтрымліваць расейскамоўных пісьменнікаў, ствараць для іх прэміі і г.д., гэта проста ўжо абсурд.

Раней пра свой выхад з Беларускага ПЭН-цэнтру заявіў пісьменнік Сяргей Дубавец. Спрэчка ўзнікла пасля з’яўлення на сайце ПЭН-цэнтру прэс-рэлізу пра агульны сход аб’яднання 28 лютага ў Менску, на якім быў прадстаўлены праект „Кніга году”. У паведамленні гаварылася, што „і расейскамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве”. Адзначалася таксама пра пэўную дыскрымінацыю расейскамоўных аўтараў. Напярэдадні старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч папрасіў прабачэння за спрэчныя выказванні ў прэс-рэлізе аб’яднання пра дыскрымінацыю расейскамоўных літаратараў у Беларусі.

1

Вінцэсь Мудроў і Алесь Аркуш на канферэнцыі ПЭН-цэнтра часоў Васіля Быкава і Карласа Шэрмана.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя