Беларускі прафесар прэзентаваў пяць сваіх новых кніг



У Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах Капыльскага раёна беларускі пісьменнік, доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Бельскі ў чацвер, 23 жніўня, прэзентаваў адразу пяць сваіх новых кніг.

Адна з іх выйшла з друку летась, а чатыры – сёлета. Гэта кнігі “Тут наша радзіма: вядомыя людзі з Капыльшчыны ў Беларусі і свеце”, “Вытокі і плынь”, “Беларуская літаратура ў кантэксце традыцый і сучаснасці”, “Сама-насам з літаратурай” і зборнік паэзіі “Між маладзіком і ветахам”.

На прэзентацыі прысутнічалі славутыя землякі Капыльшчыны, настаўнікі, бібліятэкары, пісьменнікі і землякі Алеся Бельскага, які сам родам з Цімкавіч.

Прэзентацыі кніг адбыліся з нагоды 55-годдзя пісьменніка і вучонага. Шчырыя словы ў адрас Алеся Бельскага і пра творчыя здабыткі літаратара казалі былы рэдактар часопіса “Работніца і сялянка” Марыя Карпенка, пісьменнікі Сяргей Чыгрын са Слоніма і Алесь Гібок-Гібкоўскі з Менску, доктар сацыялагічных навук Анатоль Ляўко і многія іншыя.

Алесь Бельскі ў сваім выступленні распавёў пра свае новыя выданні і падараваў па кожнаму асобніку ўсім бібліятэкам Капыльскага раёна, а таксама роднай школе і музею Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Капыльскі раён

Фота аўтара