Беларускія філатэлісты атрымалі польскія ўзнагароды



Два гарадзенскія філатэлісты і суддзі выставаў Фёдар Гушча і Андрэй Мялешка, атрымалі ганаровыя адзнакі ад польскага Саюзу філатэлістаў „За заслугі для польскай філатэлістыкі”.

Гэтыя беларускія калекцыянеры ўжо неаднаразова засведчылі свой судзейскі прафесіяналізм, пры ацэнцы міжнародных выставаў, якія праходзяць у Польшчы. Фёдар Гушча атрымаў залатую, а Андрэй Мялешка – срэбную ўзнагароду.

Кажа Андрэй Мялешка:

– Гэтая ўзнагарода даецца ў асноўным польскім філатэлістам. Але ёсць выключэнні, што даюць замежным філатэлістам, якія ўдзельнічалі ў розных выставах. Я ўжо каля дзясятка разоў быў сябрам міжнароднага журы, якое ацэньвала выставы як агульнабеларускія, дзе ўдзельнічалі палякі, ці польскія, дзе ўдзельнічалі беларусы. То бок гэта такая ўзаемасувязь, узаемадапамога адзін аднаму. І мы ацэньвалі калекцыі з розных краін.

 

Судзейская практыка ўзнагароджаных калекцыянераў будзе прадаўжацца. Гэтак Андрэй Мялешка і Фёдар Гушча, як прадстаўнікі Беларускага саюзу філатэлістаў, ужо запрошаны на чарговую міжнародную выставу філатэлістаў, якая пройдзе ў польскім Чанстахове ў верасні месяцы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя